Меню

Сям’я Бычкевічаў працягвае традыцыі шматдзетнай сям’і

Общество

 

Дзмітрый і Вераніка Бычкевічы ўмеюць чуць адно аднаго і  ўсе пытанні вырашаюць разам.

Іх дзеці – Мілана, Моніка і Варвара – любяць такія размовы за кубкам чаю. Падчас сямейных пасядзелак бацькі вырашаюць не толькі дарослыя пытанні, але і выслухоўваюць дачок.

Дзяўчынкам заўсёды ёсць пра што расказаць. Мілана, сямікласніца сярэдняй школы № 2 г. Стоўбцы, любіць абмеркаваць з бацькамі вучэбныя поспехі і падзяліцца новым рэцэптам смачных піражкоў. Яны абгавораць з мамай інгрэдыенты і вырашаць, калі будуць частаваць родных новым кулінарным шэдэўрам.

У Монікі таксама шмат навін. Яна першакласніца самай новай школы ў горадзе, а там столькі ўсяго цікавага. Яшчэ дзяўчынка займаецца танцамі і абавязкова дэманструе дамашнім элементы, якія развучыла.

Варвара, якой хутка споўніцца тры гады, ужо наведвае дзіцячы садок. Яна абавязкова павінна расказаць, якую кашу сёння ім давалі і за што выхавальніца Ларыса Станіславаўна яе пахваліла.

Усё мае свой пачатак

Малая радзіма Веранікі і Дзмітрыя – Дзераўная. Там яны вучыліся ў школе, там і пазнаёміліся. Праўда, сур’ёзныя адносіны ў маладых людзей пачаліся значна пазней. Дзмітрый вучыўся на трэцім курсе Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, калі звярнуў увагу на Вераніку, першакурсніцу Мінскага каледжа прадпрымальніцтва. Некалькі гадоў рамантычных адносін прывялі іх да шлюбу.

Пасля атрымання дыплома Дзмітрыя як маладога спецыяліста накіравалі ва Узду. Вераніка, нягледзячы на тое, што працавала ў Беларусбанку ў сталіцы, паехала за мужам.

Праз некаторы час у сям’і, дзе ўжо была маленькая Мілана, з’явілася магчымасць вярнуцца на Стаўбцоўшчыну.

Дзмітрый працаўладкаваўся ў Стаўбцоўскія электрасеткі майстрам. Забягаючы наперад, адзначым, што цяпер ён галоўны інжынер.

Вераніка пасля водпуску па доглядзе дзіцяці да трох гадоў выйшла на працу ў банк у Стоўбцах. Аднак, стаўшы шмат дзетнай маці, яна змяніла сферу дзейнасці.

– У банку мне падабалася, – кажа Вераніка. – Але графік працы не дазваляў удзяляць неабходны час дзецям.

Калі ў электрасетках вызвалілася пасада сакратара, Дзмітрый прапанаваў жонцы паспрабаваць.

– З тых часоў і працуем сямейным падрадам у электрасетках, – смяецца малады чалавек.

Працягваюць традыцыі шматдзетнай сям’і

Вераніка нарадзілася ў сям’і, дзе было трое дзяцей. Нягледзячы на тое, што яе брат і сястра былі значна старэйшыя, паміж імі склаліся вельмі добрыя адносіны. Яшчэ ў дзяцінствеВераніка вырашыла, што яна таксама будзе мець вялікую сям’ю.

Муж ва ўсім падтрымлівае сваю жонку.

– Быць бацькам – гэта ўжо само па сабе шчасце, а быць бацькам траіх дзяцей – трайное шчасце, – кажа Дзмітрый.

Галоўнае – разам

Сувязь паміж дзецьмі і дарослымі ў сям’і Бычкевічаў моцная, гэтаму спрыяюць агульныя традыцыі. Вечары бацькі з дзецьмі бавяць за настольнымі гульнямі. Як лічыць Дзмітрый, гэта і час, праведзены разам, і пэўная гімнастыка для розуму.

Па суботах яны ладзяць працоўны дэсант. Прычым у кожнага ёсць свае абавязкі. Мама з Міланай наводзяць парадак у доме. Задача малодшых, Монікі і Варвары, – не перашкаджаць. Тата корміць усіх абедам і вячэрай.

Самыя смачныя стравы ў яго, як у сапраўднага паляўнічага, атрымліваюцца на мангале ці ў казане. Калі надвор’е не спрыяе пасядзелкам на вуліцы, выручыць любімая ўсімі запечаная бульба з курыцай ці каронная страва – калдуны. Кулінарнае ноу-хау Дзмітрыя – салата аліўе па асаблівым рэцэпце, без бульбы і морквы, якая прыйшлася даспадобы не толькі жонцы і дзецям. Нават у сем’ях іх бацькоў гэтую салату  рыхтуюць толькі так.

Выхадныя дні шматдзетная сям’я імкнецца праводзіць актыўна. Больш за ўсё любяць падарожнічаць. Нават калі няма магчымасці адправіцца ў далёкую паездку, як мінулым летам на Браслаўскія азёры, яны знаходзяць цікавыя мясціны паблізу. У прыярытэце, вядома, Мінск, бо там і тэатр, і цырк, і атракцыёны, і шмат іншага. Галоўнае – разам, усёй сям’ёй.

Свой дом – з дзяржаўнай падтрымкай

Сям’я Бычкевічаў жыве ў новым уласным доме. Рэалізаваць мары аб сваім жыллі ім удалося з дзяржаўнай падтрымкай. Дарэчы прыйшоўся і сямейны капітал.

Вераніка і Дзмітрый з удзячнасцю адклікаюцца аб той дапамозе, якую дзяржава аказвае шматдзетным сем’ям.

– Маладым сем’ям праблематычна знайсці неабходную суму для набыцця ўласнай кватэры ці будаўніцтва дома. Дзяржава забяспечыла нам магчымасць атрымаць  ільготы, – з удзячнасцю гавораць Вераніка і Дзмітрый.

Цяпер яны добраў парадкоўваюць дваровую тэрыторыю. Тут ёсць месца і для градак з агароднінай, і для маладога саду, які, дарэчы, ужо аддзячыў першымі пладамі. Знайшлося месца і для кветак. Сярод іх – шматгадовыя, якія квітнеюць да халадоў, а летам будуць радаваць адналетнікі.

Алена ГАМЗА

Фота Наталлі КЛЫГАЧ

Рекомендуем