Меню

Сянаж пакуюць у палімерную плёнку

Общество

У гаспадарках раёна працягваецца зялёнае жніво.

Корманарыхтоўшчыкі стараюцца, закладваюць сілас з кукурузы – гэтая прапашная культура ўбрана ў раёне з плошчы больш за дзевяць тысяч гектараў. Сярэднераённая ўраджайнасць складае 325 цэнтнераў зялёнай масы на круг. У ААТ «Вішнявецкі-агра» план па  нарыхтоўцы сіласу перавыкананы ўдвая, у ТАА «СЖК «Налібакі» і ААТ «Рочавічы» – у паўтара раза ў кожным. Справіліся затрамбаваць патрэбную колькасць гэтага віду корму працаўнікі ААТ «Радзіма Якуба Коласа», ААТ «Каганец» і ААТ «Агранёманскі». Па раёне нарыхтавана звыш 100 тысяч тон кармавых адзінак зялёных кармоў, і гэтая лічба з кожным днём павялічваецца. На ўмоўную галаву жывёлы прыпадае звыш 26 цэнтнераў кармавых адзінак, што амаль на шэсць кармавых адзінак больш, чым летась.

Паралельна закладваецца і сянаж. А дакладней – запакоўваецца ў поліэтыленавую плёнку. Як падкрэслівае начальнік аддзела раслінаводства ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Мікалай Клаўшун, цяпер мэтазгодна закладваць сянаж менавіта такім спосабам, бо аб’ёмы травы невялікія.

Усяго ў гаспадарках раёна ў стрэйч-плёнку закручана звыш 24 тысяч тон правяленай травы. Найбольш – і гэта ў першую чаргу звязана з недахопам сянажна-сіласных траншэй – у ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», дзе герметычна запрасавана практычна ўдвая больш, чым было запланавана. На прадпрыемстве ёсць уласны ўпакоўшчык здрабнёнай сянажнай масы ў поліэтыленавыя рукавы, які працаваў практычна без перапынку.

Надзея БАТАЛКА

Рекомендуем