Меню

Сяргей Карабан у сваім двары стварыў сапраўдную прыгажосць

Общество

Напэўна, усе, хто жыве на вуліцы Гагарына ў Новай Вёсцы, ведаюць дом № 46а, візітнай карткай якога з’яўляюцца размаляваныя вароты з бярозавым гаем. Гаспадар дома Сяргей Карабан у сваім двары стварыў ручныя млыны, рэтравеласіпед, каскад камянёў, калодзеж-журавель… Не ўсюды такое ўбачыш!

Сяргей Карабан і яго жонка Наталля пражываюць у г. Мінску. Мужчына працуе мастаком-афарміцелем у ААТ «МАПІД». Творчасцю пачаў займацца яшчэ са школьных гадоў. «Заўсёды падабалася прырода, яе жывыя карціны», – кажа Сяргей Аляксандравіч.

Сяргей Карабан

Натхняе нашага героя і яго жонка.

– Наталля Васільеўна – мой галоўны крытык, – перазіраючыся з ёй, жартуе Сяргей Аляксандравіч. – Заўсёды падтрымлівае, калі нешта не атрымліваецца.

Свой дом пабудаваў побач з сядзібай бацькоў. Рэчы, якія засталіся ад продкаў, мужчына трохі падшліфаваў. Рэтравеласіпед збіраў з розных дэталяў, зрабіў падстаўкі пад вазоны з кветкамі. Дапамагаў у гэтай справе сын Аляксандр. Ёсць на ўчастку і лаўка, на якой некалі любілі адпачыць пасля працы бацькі нашага героя. На вырабы, якія стварае, Сяргей Карабан абавязкова наносіць гравіроўку. «Яна дазваляе не толькі ўпрыгожваць прадметы, але і выказваць пачуцці, захоўваць гісторыю і падкрэсліваць індывідуальнасць», – адзначае мужчына.

Сяргей Аляксандравіч плануе і далей добраўпарадкоўваць участак на свой лад. З жонкай садзяць агарод, даглядаюць сад.

«Заўсёды хацелася жыць прыгожа, каб не толькі ў доме было ўтульна, але і ў двары панаваў парадак, вока радавалася б прыгажосці, а не «чаплялася» за недаробленую працу», – гаворыць сям’я Карабан.

Гаспадар любіць велапрагулкі, катаецца на лыжах, падымае гіру 24 кг, калекцыяніруе самавары.

У Сяргея Аляксандравіча падрастаюць унукі, якія цікавяцца творчасцю дзядулі. Яны дапамагалі яму ствараць карціны, якія ўпрыгожваюць плот. Мужчына радуецца, што яго справа працягнецца. Для ўнукаў сваімі рукамі робіць драўляныя цацкі.

Прыцягвае яго творчасць увагу ўсіх прахожых. Яны часта спыняюцца, каб усё ўважліва разгледзець. Сяргей Аляксандравіч заўсёды рады новым гасцям і з задавальненнем праводзіць для іх маленькія экскурсіі.

Дзякуючы вось такім энтузіястам Стаўбцоўшчына становіцца прыгажэйшай з кожным годам.

Марына КУТАС, фота аўтара

 

Рекомендуем