Меню

Сёння на Стаўбцоўшчыне праходзіць суботнік

Общество

Працоўныя калектывы раёна актыўна выйшлі на ўборку апалага лісця і ветравальнай драўніны, на пасадку дрэў. Далучыліся да іх і школьнікі. Напрыклад, на плошчы Бессмяротнасці ў Стоўбцах з задавальненнем наводзілі парадак пяцікласнікі гімназіі № 1 г. Стоўбцы разам са сваім класным кіраўніком Вольгай Гарановіч. 

Спілоўвалі аварыйныя дрэвы, падкошвалі і прыбіралі тэрыторыю лыжаролернай трасы на ўскраіне Стоўбцаў работнікі лясгаса, фізкультурна-аздараўленчага комплекса, Стаўбцоўскай  ПМК і інш.

Уздоўж вуліцы Машынабудаўнікоў перасаджвалі дрэўцы, якія не прыжыліся, работнікі УКБ Стаўбцоўскага раёна і ДРБУ № 135. «Перасадзім за сёння 80 бярозак», — паведаміў дырэктар прадпрыемства «УКБ Стаўбцоўскага раёна» Мікалай Мармузевіч.

На розных участках вуліцы Магістральнай працавалі з граблямі работнікі Стаўбцоўскай ЦРБ, Стаўбцоўскага філіяла ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», вучэбнага цэнтра, на вуліцы Івянецкай — работнікі Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў і аддзела культуры райвыканкама. Лісце адразу грузілі на машыны, якія выдзеліў Стаўбцоўскі АКС, і вывозілі за межы горада.

На скрыжаванні вуліц Сацыялістычнай і Казлова, ля помніка героям Вялікай Айчыннай вайны, падмяталі і грузілі на трактар апалае лісце работнікі ПМК-233. Акрамя таго, вялікая група работнікаў гэтай арганізацыі, а таксама работнікаў Стаўбцоўскага цэха электрасувязі аказвалі дапамогу Стаўбцоўскаму АКС у добраўпарадкаванні могілак у Слабадзе. Усе разам там наводзілі парадак пасля спілоўвання аварыйных дрэў.

«Праведзеныя работы дазволяць расшырыць тэрыторыю могілак», — зазначыла майстар Стаўбцоўскага АКС Алена Фінагенава.
Вялікі фронт работ даручана выканаць падчас суботніка раённым электрасеткам, дзве брыгады якіх высадзіліся на вуліцу Першамайскую для абрэзкі дрэў і спілоўвання аварыйных дрэў .

«Намечана спілаваць 28 дрэў на ўчастку ад вуліцы Магістральнай да плошчы Леніна», — адзначыў майстар Сяргей Галавацкі.

Энергетыкі працуюць дружна і золаджана: на трактарным пад’ёмніку — машыніст Аляксандр Бурдзейка, на трактары — Ігар Протас, на валцы — Юрый Шыкуць і Яўгеній Сцепанюк, на ўборцы рэшткаў ад высечкі — Дзмітрый Кучынскі, Дзмітрый Марда, Арцём Шуцько, Сяргей Турок. Галіны ад спілаваных дрэў энергетыкі вывозяць у кар’ер, дровы пойдуць на ацяпленне сацыяльных устаноў. Дарэчы, жыхары вуліцы Першамайскай падыходзілі і дзякавалі энергетыкам за зробленую работу.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара
 

Рекомендуем