Меню

Таццяна Марозік: «Каб былі вынікі, ствараем умовы»

Общество

Сёлета з аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама быў выдзелены аддзел культуры. Узначаліла яго Таццяна Марозік, якая з 10 ліпеня прыступіла да сваіх абавязкаў. У штаце – і два супрацоўнікі. 

У планах аддзела культуры – садзейнічаць развіццю і запатрабаванасці ўстаноў культуры раёна. Пра гэта мы гутарым з Таццянай Марозік.

Начальнік аддзела культуры райвыканкама Таццяна Марозік

– Таццяна Вячаславаўна, наколькі ўдаецца сумяшчаць творчыя і гаспадарчыя функцыі?

– Гэта звычная для мяне з’ява яшчэ з ранейшага месца работы – у Стаўбцоўскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. На дадзены момант вядзём рамонт чатырох сельскіх дамоў культуры. У прыватнасці, у Новым Свержані і Наваколасаве, у якіх адсутнічае статус аграгарадка і куды доўгі час не было ніякіх укладанняў. Таксама абнаўляем дзіцячыя школы мастацтваў у Дзераўной і Наваколасаве.

Мой жыццёвы дэвіз: перш чым патрабаваць вынікі, неабходна стварыць работнікам культуры ўмовы працы. Каб яны не проста выконвалі свае абавязкі, а «гарэлі» работай.

Бюджэтныя ўкладанні  і самаакупнасць

– Разлічваеце ў асноўным на бюджэтныя сродкі?

– Не толькі. На правядзенне рамонтаў з абласнога бюджэту выдаткаваны ў бягучым годзе 582 тысячы рублёў, з раённага – 258 тысяч рублёў. Установы культуры цесна ўзаемадзейнічаюць з мясцовымі гаспадаркамі, якія не адмаўляюць у спонсарскай дапамозе для набыцця абсталявання.

Не першы год установы культуры раёна актыўна развіваюць пазабюджэтную дзейнасць і маюць магчымасць закупляць усё неабходнае за ўласныя сродкі. Добрым прыкладам дзейнасці па прынцыпе самаакупнасці можа служыць Дзераўнянскі цэнтр культуры.

У пошуках відовішча

– Сёння няпроста завабіць людзей у дом культуры ці бібліятэку.Трэба шукаць крэатыў.

– Днямі мы запрасілі стаўбчан на першы раённы фестываль бібліятэк і, здаецца, атрымалася нядрэнна. Людзям хочацца відовішча, інтэрактыву, а яго магчыма стварыць з дапамогай сучаснага абсталявання і г. д. Пастаянна шукаем новыя формы работы, каб прапанаваць цікавы адпачынак для людзей усіх узроставых груп. Набліжаецца зіма, і для культработнікаў адкрываецца вялікі фронт дзейнасці.

Прычым тут вымытая падлога?

– Раскажыце пра найбольш перспектыўныя праекты і формы культурніцкай работы на Стаўбцоўшчыне. 

– Многія кажуць, што дыскатэкі сябе зжылі, а Дзераўнянскі цэнтр культуры даказвае адваротнае. У сельскай мясцовасці гэтая ўстанова культуры – лідар па аказанні паслуг. У горадзе – раённы Цэнтр культуры. Цяпер там ідзе набор у групы стрэтчынга, джампінга. У планах – адкрыццё аматарскага аб’яднання на базе інтэрната філіяла маторнага завода. Вывучаем запыты жыльцоў.

– А што прапануеце жыхарам населеных пунктаў, дзе няма клубаў?

– У маланаселеных вёсках ёсць попыт на нестацыянарнае абслугоўванне. Нашы артысты выязджаюць туды з канцэртамі. Каб зрабіць іх больш масавымі, падладкоўваемся пад графік руху аўталаўкі. Выязны канцэрт прайшоў нядаўна ў Кляцішчы, і якім было здзіўленне, калі ў былой сталовай сабралася каля 40 чалавек. Вяскоўцы, рыхтуючыся да сустрэчы, вымылі там падлогу…

У аддаленыя вёскі наведваецца і бібліёбус. Прычым з яго дапамогай наладжана дастаўка кніг па заяўках.

Больш паслуг – вышэй заробак

– Вы згадвалі пра ўмовы працы для людзей творчай прафесіі. Гэта ўплывае на замацаванне кадраў?  

– Вельмі актуальнае пытанне, таму што ў сферы культуры не хапае кваліфікаваных спецыялістаў. Крыўдна, калі перспектыўная моладзь адпрацоўвае свой тэрмін і сыходзіць. Можна вырашыць праблему, калі даць ёй магчымасць праяўляць сябе.

Сярэднямесячны заробак работніка культуры ў раёне – каля 1080 рублёў. Крыху «прасядае» яго памер у  тых, хто працуе ў бібліятэках. Але мы не абмяжоўваем установы культуры ў павышэнні заробкаў работнікам за кошт пазабюджэтных сродкаў.

– Аддзел культуры размясціўся ў новым будынку Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў. Як вам такое суседства?

– Рэпетыцыя аркестра за сцяной адцягвае ўвагу, але, з іншага боку, гэта дае адчуванне жыцця ва ўстанове культуры. Адвучыўшыся ў каледжы мастацтваў, ва ўніверсітэце культуры, мне не прывыкаць да такой творчай абстаноўкі.

Шлях да кожнага

– Што ў найбліжэйшых планах?

– У планах – падрыхтоўка да абласнога фестывалю народнай творчасці «Напеў зямлі маёй» у г. Барысаве. Працуем над складаным нумарам з удзелам педагогаў і вучняў Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў, танцавальнага калектыву «Гарошынка» РЦК.

Працягнем рамонтныя работы ў сельскіх дамах культуры. Пастараемся дайсці да кожнага, каб удасканаліць матэрыяльную базу і надаць прывабны выгляд.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара

Рекомендуем