Меню

У ААТ «Вішнявецкі-агра» кукуруза ўрадзіла

Общество

Сёлета ў ААТ «Вішнявецкі-агра» атрымана адна з самых высокіх у раёне ўраджайнасць кукурузы.

Сабрана 442 цэнтнеры зялёнай масы з кожнага гектара, што дазволіла нарыхтаваць сіласу амаль у тры разы больш запланаванага. Стараннямі кормаўборачнага атрада закладзена ў траншэі (сёлета пабудаваны дзве новыя) 40 860 тон якаснага высокаэнергетычнага корму. Такім чынам на ўмоўную галаву жывёлы ў гаспадарцы ўпершыню прыпадае каля 45 цэнтнераў кармавых адзінак травяных кармоў, што больш як на 18 цэнтнераў перавышае леташні паказчык. Намалочана больш за іншыя сельгаспрадпрыемствы раёна зерня кукурузы – амаль 2500 тон, што дазволіла кампенсаваць недабор збожжавых. У таварыстве плануюць, калі дазволіць надвор’е, папоўніць і запасы сенажу.

 – Наяўнасць у дастатковай колькасці кармоў дазволіць нам у зімова-стойлавы перыяд належным чынам карміць жывёлу і атрымліваць дастойныя паказчыкі ў вытворчасці малака і мяса, – сказаў намеснік генеральнага дырэктара па ўпраўленні ААТ «Вішнявецкі-агра» ЗАТ «Агракамбінат Нясвіжскі» Валерый Мормыш.  – А яны і сёлета ў гаспадарцы даволі неблагія. Павялічылася валавая вытворчасць малака і склала 108,3 працэнта да адпаведнага перыяду летась. І па надоях малака ад каровы нашы жывёлаводы ў залатой сярэдзіне.

 Для павелічэння вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў планах кіраўніцтва – будаўніцтва новых сучасных памяшканняў для ўтрымання жывёлы.

Цялятніца Галіна Загуста пастаянна ў перадавіках
Шмат гадоў шчыруе ў гападарцы жывёлавод Ганна Сергеевіч

Цяпер хлебаробы таварыства закладваюць падмурак пад будучы ўраджай. У глебу ўносяцца арганічныя і мінеральныя ўгнаенні, вядзецца ўздым зябліва.

Механізатар Уладзімір Новік рупіцца на ўнясенні мінеральных угнаенняў
Своечасова перавозіць грузы вадзіцель Ігар Тыдрыш

Дапамагае работнікам мясцовага таварыства тэхнікай кіраўніцтва «Агракамбіната Нясвіжскі», якое, калі ёсць патрэба, заўжды падстаўляе плячо: выдзяляе і грошы на набыццё неабходных сельскагаспадарчых матэрыялаў.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара

Рекомендуем