Меню

У Стоўбцах абмеркавалі садзейнічанне занятасці насельніцтва

Общество

Рэалізацыя норм Дэкрэта № 3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва» стала галоўнай тэмай сесіі раённага Савета дэпутатаў.

– У раёне налічваецца 736 рабочых месцаў. Але беспрацоўныя не спяшаюцца заняць іх. Ёсць грамадзяне, якія доўгі час не працуюць, але пры гэтым атрымліваюць тыя ж ільготы, што і ўсе астатнія. Гэтаму трэба надаць асаблівую ўвагу, – адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Шэсцель.

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вольга Навіцкая паведаміла, што для вырашэння пытанняў працаўладкавання прымяняецца комплексны падыход. Штомесяц праводзяцца кірмашы вакансій, двойчы на год яны набываюць раённы маштаб. Укараняюцца новыя формы работы з наймальнікамі, якія маюць патрэбу ў кадрах. Працуе пастаянна дзеючая камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва.

У бягучым годзе праведзена 16 пасяджэнняў камісіі, на якія былі запрошаны 854 грамадзяніна. Але з’явіліся толькі 89, пры чым  29 з іх  адмовіліся ад працаўладкавання. Самастойна ў камісію звярнуліся 298 беспрацоўных.

Звесткі аб 1837 жыхарах Стаўбцоўшчыны ўнесены ў базу дадзеных не занятых у эканоміцы. 238 грамадзян, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да сямі гадоў, займаюцца вытворчасцю прадукцыі раслінаводства або жывёлагадоўлі, прызнаны занятымі. Сярод уключаных у базу 124 чалавекі аплачваюць паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі па поўным кошце.

– Вельмі важна працаваць з грамадзянамі, якія ўпершыню трапілі ў базу дадзеных не занятых у эканоміцы. Яны не працуюць ужо на працягу паўгода, але гэтыя людзі, на наш погляд, матываваны да працы больш за астатніх, – сказала Вольга Навіцкая. – Яшчэ адна катэгорыя непрацуючых – гэта маладыя людзі ва ўзросце да 31 года, у дачыненні да якіх трэба ўзмацніць прафарыентацыйную работу па запатрабаваных рабочых прафесіях.

А вось тых, хто доўга не працуе, працаўладкаваць больш складана. Аднак і тут ёсць некалькі станоўчых прыкладаў. Вольга Аляксандраўна расказала пра 53-гадовага жыхара Вішнявецкага сельсавета, працоўны стаж якога складаў менш за адзін год. Ён знаходзіўся на ўтрыманні маці, аднак пасля яе смерці адзіны даход вычарпаўся. Мужчына вымушаны быў працаўладкавацца ў ААТ «Вішнявецкі-агра».

У дачыненні да доўга непрацуючых грамадзян падатковыя органы перыядычна праводзяць кантрольныя мерапрыемствы. Іх мэта – выявіць крыніцы даходаў і спагнаць у бюджэт даналічаныя сумы падаткаў, а таксама спыніць факты працы без афармлення адпаведных адносін. У выніку праведзеных праверак двум грамадзянам прад’яўлены да выплаты падаходныя падаткі ў агульнай суме 5304,42 рублі.

Выклікаюць занепакоенасць суадносіны прынятых-звольненых работнікаў. У бягучым годзе на працу ў арганізацыі раёна прынята 1639 чалавек, звольнена 1749, 155 з якіх – за прагулы і іншыя парушэнні працоўнай дысцыпліны.

Калі казаць пра рынак працы, то значна павялічылася колькасць свабодных месцаў у сельскагаспадарчых арганізацыях, лясгасе, камунальнай гаспадарцы, установах адукацыі і аховы здароўя. Прапануюць для працаўладкавання 457 вакансій па рабочых прафесіях. Але толькі 194 з іх не патрабуюць спецыяльнай адукацыі. Сёння на рынку працы запатрабаваны кваліфікаваныя і адукаваныя спецыялісты.

Сярод не занятых у эканоміцы ёсць пэўная катэгорыя грамадзян, якая патрабуе павышанай увагі. У гэтым годзе працаўладкаваны двое грамадзян, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, 16 асоб, якія абавязаны кампенсаваць расходы на ўтрыманне дзяцей. 45 беспрацоўных  стаяць на ўліку ў раённым аддзеле ўнутраных спраў. Пра гэта ў працяг тэмы расказаў  намеснік начальніка міліцыі – начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Уладзімір Кухарчык. Ён адзначыў, што супрацоўнікамі міліцыі з такімі грамадзянамі праводзіцца работа, накіраваная на прафілактыку здзяйснення правапарушэнняў і злачынстваў.

– Калі чалавек не працуе на працягу многіх гадоў, цікава, за якія даходы ён жыве, – падвёў вынік сесіі Сяргей Шэсцель. – Калі чалавек вядзе асацыяльны лад жыцця, мы таксама разумеем, чыя гэта зона адказнасці. Галоўнае – разабрацца, па якой прычыне не працуе чалавек, і тады прымаць адпаведныя меры. Нам неабходна аказаць садзейнічанне ў працаўладкаванні.

Алена ГАМЗА

Рекомендуем