Меню

У магазіне «Родны кут» працуе прадавец — мужчына

Общество

У стацыянарных магазінах спажывецкай кааперацыі раёна працуе шмат жанчын, і сярод іх толькі адзін прадавец – мужчына.

Гэта Аляксандр Еўсікаў, які ўвіхаецца ў магазіне «Родны кут» у Новай Вёсцы. Фасад яго пасля сёлетняга рамонту стаў яркім і сучасным.

Пры сустрэчы мужчына шырока ўсміхаецца. Адразу не верыцца, што яго працоўная біяграфія звязана толькі з сельскімі магазінамі.

«Пачынаў у Варацішчы, потым – Асіпаўшчына, Савоні, Горкі… У Падлессі працаваў да закрыцця магазіна і пераводу гандлёвага абслугоўвання вяскоўцаў на аўтамагазін. Даводзілася дабірацца на работу па сумётах, шпалах…» – з усмешкай прыгадвае Аляксандр.

Цяпер у яго няма падобных клопатаў, бо жыве ў Новай Вёсцы. Набыў тут свой дом. Жонка працуе ў школе поварам. Дзеці, сын і дачка, пасля школы прыбягаюць да таты на работу – за салодкасцямі.

– Я нарадзіўся ў Мінску, але, калі яшчэ быў падлеткам, бацькі змянілі сталіцу на Новую Вёску. Маці працавала настаўніцай. Бацька – пчаляром у мясцовым калгасе. Яны ўжо на пенсіі, – расказвае пра сябе Аляксандр, які таксама некаторы час працаваў у гаспадарцы вадзіцелем.

Свой прафесійны выбар на карысць гандлю ён тлумачыць так: «Цяга да людзей перасіліла. Мне цікава завесці размову, убачыць усмешку пакупніка».

На паліцах нававёскаўскага магазіна – змешаны асартымент тавараў. Да традыцыйных круп, сокаў, свежых яблыкаў, капусты – гаспадарчыя тавары, канцылярскія прылады. У халадзільнай вітрыне – малочныя, каўбасныя вырабы. Пакуль мы размаўлялі, «пад’ехаў» свежы хлеб з цэха хлебапячэння Стаўбцоўскага філіяла Мінскага аблспажыўтаварыства.

«Перабояў з дастаўкай няма. Хлеб і хлебабулачныя вырабы атрымліваем тры разы на тыдзень, іншыя прадукты – два. Па суседстве некалькі прыватных магазінаў, – удакладняе прадавец. – Канкурыраваць няпроста, але імкнёмся быць запатрабаванымі».

Людзей у магазіне з раніцы няшмат, але ніхто з пустымі рукамі не выходзіць. Сярод іх – і мясцовы жыхар Васіль Сягай. Ён кажа, што па пакупкі прыходзіць праз дзень, за свежым.

Пік пакупніцкай актыўнасці будзе ў абедзенны перапынак і вечарам.

Пакуль адносна свабодны, ён падкідае ў кацёл дровы. Зімой, кажа, прыходзіць на работу на гадзіну раней, каб нагрэць памяшканне.

«Паспяваю ўсюды, бо планую час і люблю сваю работу, – разважае Аляксандр. – І хварэць мне нельга, бо як жа людзі без пакупак?..»

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара

Рекомендуем