Меню

«У тэхнікі-асемянатары – па прызванні». Ніна Гаўрыленка выбрала шлях у сельскую гаспадарку

Общество

У жывёлагадоўлі ўсе прафесіі важныя, але прафесія тэхніка па штучным асемяненні жывёлы на асаблівым рахунку.

У тых гаспадарках, дзе ёсць кваліфікаваныя, адданыя сваёй справе тэхнікі-асемянатары, дасягаюцца высокія паказчыкі, а значыць – і фінансавае становішча на ўзроўні. Ніна Гаўрыленка, якая працуе на МТФ «Ператокі» ААТ «Агранёманскі», якраз і адносіцца да кагорты адказных і добрасумленных спецыялістаў. За мінулы год выхад цялят на 100 кароў ад кароў склаў у яе 104 галавы. А пазалетась Ніна Яўгеньеўна атрымала 114 цялят і заняла сярод сваіх калег, тэхнікаў-асемянатараў, другое месца ў раённым конкурсе-атэстацыі прафесійнага майстэрства, паказаўшы пры гэтым грунтоўныя тэарэтычныя веды.

Сям’я Гаўрыленкаў пераехала на Стаўбцоўшчыну з Кармянскага раёна Гомельскай вобласці. Многія тады ехалі як мага далей ад радыяцыйнага ачага. А чаму менавіта ў наш раён?

– Знаёмыя параілі, – адказвае Ніна Яўгеньеўна. – Прыехалі, паглядзелі, спадабалася. Далі жыллё, і мы засталіся. А праз тры гады дом у Ператоках атрымалі. Цяпер ужо яго выкупілі.

Звыш трыццаці гадоў жанчына шчыруе ў жывёлагадоўчай галіне гаспадаркі. Пачынала аператарам машыннага даення, бо работа гэтая была ёй папярэдне знаёмая: з дзяцінства дапамагала маці на ферме, а затым і сама даіла кароў.

У таварыстве праявіла сябе з самага лепшага боку. Надоі заўсёды мела высокія, бо старалася. Пасля афармлення льготнай пенсіі працягвала рабіць.

–Толькі цяжкавата было, – гаворыць Ніна Яўгеньеўна. – Сказала  брыгадзіру, што маю намер пайсці з работы, і тады Людміла Аляксандраўна прапанавала мне заняць вакантнае месца тэхніка-асемянатара. Раней спалучала гэтыя абавязкі, бо скончыла курсы ў Сеніцы.

Ніна Яўгеньеўна ўспомніла першае самастойнае асемяненне. За каровай доўга назірала. Перажывала. І лёгка стала на душы, калі карова прынесла цяля.

– Заўсёды радуюся кожнаму нованароджанаму цяляці, – гаворыць спецыяліст, – таму што гэта і ёсць галоўны вынік маёй працы.

Дарэчы, работа тэхніка-асемянатара адказная і няпростая, калі не сказаць унікальная, і патрабуе ўважлівасці, кемлівасці і прафесіяналізму. Усе гэтыя працоўныя якасці ёсць у Ніны Гаўрыленка.

– У нашай справе важна не ўпусціць момант, калі карова знаходзіцца ў ахвоце, – расказвае спецыяліст. – Таму ўважліва назіраю за каровамі.

Дарэчы, Ніне Яўгеньеўне з яе багатым вопытам нават аднаго погляду хапае, каб зразумець, што жывёла ў ахвоце. Даўно ўвайшло ў звычку спецыяліста, што на працу трэба да сямі раніцы прыходзіць, а ўвечары знаходзіцца на ферме да заканчэння дойкі. Вольнага часу – толькі некалькі гадзін у сярэдзіне дня. Не кожны зможа такую работу выконваць – штодзень і без выхадных. Многія спецыялісты нават не ходзяць у адпачынак.

– Калектыў у нас дружны, – працягвае гаворку Ніна Яўгеньеўна. – Даяркі Святлана Янушка, Валянціна Нарановіч і Святлана Сахута дапамагаюць мне ў маёй рабоце.

Ніна Гаўрыленка вырасла ў вёсцы і ёй падабаецца сельскі ўклад жыцця. Па душы працаваць у гаспадарцы, бо любіць жывёлу. Гаворыць, што каровы вельмі далікатныя і адчувальныя істоты. На іх нельга крычаць, махаць рукамі, нельга хваляваць, а тым больш біць. Калі гэта зробіш, то аддачы ад іх ніякай не будзе. Чалавеку, які груба абыходзіцца з жывёлай, лепш у гэтую прафесію не ісці. Тэхнікамі-асемянатарамі людзі павінны працаваць толькі па прызванні.

– Ніколі не імкнулася жыць у горадзе, – падвяла рысу нашай размовы Ніна Гаўрыленка. – У мяне агарод немалы і гаспадарка свая ёсць. Сумаваць няма калі. Сёлета бульба парасла добрая і гарбузоў багата. Збожжам забяспечвае гаспадарка. Кормім свіней і курэй і атрымліваем, як гаворыцца, экалагічна чыстую прадукцыю. Муж на пенсіі. Апошнія гады таксама працаваў у жывёлагадоўлі. У нас трое дзяцей і дзве ўнучкі.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара

Рекомендуем