Меню

«Усмешка пасажырам – і паехалі». Аляксандр Сахар — адзін з лепшых вадзіцеляў аўтапарка №17

Общество

Аляксандр Сахар прыйшоў у філіял «Аўтамабільны парк № 17» ААТ «Мінаблаўтатранс» два гады таму, але ўжо заслужыў водгукі як аднаго з лепшых вадзіцеляў аўтобуса.

Ён уважлівы да пасажыраў і тэхнікі, гатовы працаваць з максімальнай самааддачай, пры тым што маршруты кожны дзень мяняюцца і патрабуюць строгай дакладнасці і пунктуальнасці.

На гэты раз Аляксандр Браніслававіч  якраз вярнуўся з рэйса Стоўбцы – Куль – Стоўбцы, праехаўшы на круг каля 120 км. Адпраўны і канчатковы пункт – аўтастанцыя, дзе пасля рэканструкцыі пасажыры адчуваюць сябе нашмат камфортней. Для іх тут сучасная зала чакання з асобным пакоем для матуль з дзецьмі, доступ да Wi-Fi, электроннае табло з раскладам рэйсавых аўтобусаў і інш.

У вадзіцеля аўтобуса Аляксандра Сахара ёсць любімыя маршруты, і гэта — аддаленыя пункты Стаўбцоўшчыны

«Люблю аддаленыя маршруты. Яны даюць магчымасць убачыць прыгажосць нашай Стаўбцоўшчыны», – прызнаецца Аляксандр Браніслававіч.

Калі ўлічыць, што маршрутная сетка, якую абслугоўвае аўтапарк № 17, складаецца з 42 км гарадскіх і 881 км прыгарадных маршрутаў, то патэнцыял для вадзіцеля аўтобуса тут сапраўды неабмежаваны.

Галоўнае для яго ў дарозе – культура зносін з пасажырамі. «Настрой у людзей бывае розны, ім трэба ўсміхнуцца, сказаць добрае слова, а ў некаторых выпадках, каб пазбегнуць прэтэнзій, выслухаць, прамаўчаць», – дзеліцца прафесійнымі сакрэтамі Аляксандр Сахар.

Яго біяграфія за рулём бярэ пачатак з 1985 года. За многія дзесяцігоддзі была праца ў розных арганізацыях і, так бы мовіць, на сябе, але «прыпынак» у аўтапарку стаў шчаслівай заканамернасцю. Тут Аляксандр Сахар уліўся ў вельмі прафесійны калектыў і зарэкамендаваў сябе як чалавек, якога з гордасцю называюць дастойнай зменай.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ,  фота аўтара

Рекомендуем