Меню

Як дапамагаюць абавязаным асобам? Даведаліся ў Стаўбцоўскім АКС

Общество

У Стаўбцоўскім АКС прымаюць у калектыў абавязаных асоб і імкнуцца дапамагчы ім пазбавіцца ад гэтага статусу 

На прадпрыемстве на цяперашні момант працаўладкавана дзевяць работнікаў – бацькоў, якія абавязаны кампенсаваць дзяржаве выдаткі на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей. Гэта нямала ў параўнанні з іншымі суб’ектамі гаспадарання раёна, дзетакіх «цяжкіх» дарослыхналічваецца, як правіла, адзін-два.

– Кожная абавязаная асоба патрабуе да сябе ўвагі, індывідуальнага падыходу. Але мы да іх – з павагай, матэрыяльнымі і маральнымі стымуламі, ва ўсіх пытаннях забяспечваем зялёнае святло, – зазначае начальнік службы па адміністрацыйна-гаспадарчай і ідэалагічнай рабоце Стаўбцоўскага АКС Алег Явід.

Пацвярджэннем эфектыўнага ўзаемадзеяння наймальніка з абавязанымі асобамі і рэалізацыі Дэкрэта № 18 з’яўляецца правядзенне ў верасні бягучага года на базе Стаўбцоўскага АКС выязнога пасяджэння раённага каардынацыйнага савета.

Варта сказаць, што на гэтым прадпрыемстве даюць шанц і тым, хто вярнуўся з месцаў пазбаўлення волі, для якіх таксама прадугледжана бронь працоўных месцаў. Дзякуючы ведамаснаму інтэрнату тут ёсць магчымасць вырашыць пры неабходнасці і жыллёвую праблему.

Ад падпрацоўкі не адмаўляюцца, але дзень заробку – трывожны

За абавязанымі асобамі наладжаны штодзённы кантроль.

За іх яўкай на работу і выкананнем працоўнай дысцыпліны сочаць  у першую чаргу майстры ўчасткаў – Алена Фінагенава, Андрэй Смоўж, Аляксандр Лаўрыновіч, Сямён Качановіч, якім варта сказаць асаблівыя словы ўдзячнасці. Яны ў большасці выпадкаў добра адгукаюцца пра сваіх падапечных, заўважаюць іх працавітасць і імкненне прынесці карысць.

«Многія не адмаўляюцца і ад падпрацоўкі ў выхадныя дні, што дазваляе павялічыць заработную плату», – дадае спецыяліст па кадрах Юлія Стома.

Фактычна ўсе абавязаныя асобы ў Стаўбцоўскім АКС не маюць прафесіі, таму заняты на некваліфікаваных участках: у якасці дарожных рабочых, рабочых па ўборцы і ўтрыманні домаўладанняў, прасаўшчыкоў другаснай сыравіны.

З некаторымі ўдалося паразмаўляць і пераканацца, што яны фізічнай працы не баяцца.

Аднак дзень заробку – трывожны для ўсіх. Пасля атрымання грошай у некаторых здараюцца зрывы – зварот да алкагольнай тэмы, якая і прывяла ў тупік з адабраннем дзяцей з сям’і. Каб выбрацца з яго, трэба знайсці сілу волі, абудзіць матывацыю да здаровага жыцця.

На прадпрыемстве імкнуцца дапамагчы з гэтым, зацікавіць не толькі працай, але і запрашэннем на тую ж экскурсію, канцэрт. Але эфект для некаторых – нулявы.

Так, на працягу 2023 года зафіксавана шэсць фактаў знаходжання абавязаных асоб на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення. Не абышлося і без прагулаў.

Паводле рэкамендацыі ідэолага – у рэабілітацыйны цэнтр

Любое парушэнне працоўнай дысцыпліны ні для кога не праходзіць беспакарана. Звесткі аб нявыхадах на работу перадаюцца ў РАУС, ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, а на пошукі прагульшчыка неадкладна выязджае мабільная група прадпрыемства.

«Дома знайсці яго не заўсёды ўдаецца, бо пасля ўжывання спіртнога цягне на прыгоды», – дзеліцца назіраннямі АлегЯвід.

Але прыгоды хутка заканчваюцца, а меры рэагавання, якія прадугледжвае заканадаўства, б’юць балюча.

Да прыкладу, на дадзены момант двое работнікаў Стаўбцоўскага АКС, якіяз’яўляюцца абавязанымі асобамі, накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Але радуе тое, што адзін з работнікаў пасля шматлікіх «пахаджэнняў» прыслухаўся да рэкамендацый ідэолага і свайго майстра – цяпер ён праходзіць лячэнне ад алкагольнай залежнасці ў рэабілітацыйным цэнтры ў Плешчаніцах. Усе цешаць сябе надзеяй на тое, што вялікая сумесная работа не акажацца дарэмнай…

Яшчэ адна добрая навіна: разглядаецца пытанне аб вяртанні дзяцей адной з работніц, якая добра зарэкамендавала сябе і прайшла разам з мужам супрацьалкагольнае лячэнне.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара

Рекомендуем