Меню

Як паспяхова вырошчваць цукровыя буракі? Даведаліся ў ААТ “Шашкі”

Общество

 Цукровыя буракі – сельгаскультура, якая патрабуе да сябе сур’ёзнай і пастаяннай увагі. Гэта добра ведаюць у ААТ «Шашкі». У сельгаставарыстве ўраджайнасць цукровых буракоў склала звыш 400 ц/га.

Каб атрымаць неблагі ўраджай, агранамічнай службай гаспадаркі праведзена вялікая работа.

– Яна заключалася ў захаванні тэхналогіі, – тлумачыць галоўны аграном Віталій Гацук. – Як правіла, гэта своечасовы падбор палёў, абавязковае ўнясенне неабходнай колькасці арганічных угнаенняў, якасная падрыхтоўка глебы і інш.

У гаспадарцы гавораць, што цукровыя буракі – культура капрызная. Яна не пераносіць засухі.

– Падчас закладкі сёлетняга ўраджаю цукровых буракоў мы выкарыстоўвалі нямецкія і расійскія гібрыды, – расказвае Віталій Гацук. – Перад пасевам у глебу ўнеслі азот, фосфар, калій. Расліны апрацавалі супраць хвароб і шкоднікаў. Паказчык цукрыстасці склаў 17,25 працэнта.

Пра тое, што гэтая сельгаскультура добра ўрадзіла, гаворыць і механізатар Уладзіслаў Салаўёў. Малады чалавек быў задзейнічаны на работах па абароне пасеваў ад пустазелля, шкоднікаў. Уладзіслаў працуе ў гаспадарцы чацвёрты год. Тут шчыруюць і яго бацькі: тата Алег Пятровіч – механізатарам, мама Наталля Андрэеўна – лабарантам. Дарэчы, у бягучым годзе Уладзіслаў Салаўёў увайшоў у лік пераможцаў раённага спаборніцтва на хімпраполцы сельгаскультур.

– Цукровыя буракі важна выкапаць ва ўстаноўленыя тэрміны, – кажа галоўны аграном Віталій Гацук. – Мы з гэтай задачай справіліся. Нам дапамагалі камбайны прыватнай кампаніі з Валожынскага раёна.

Выкапаныя цукровыя буракі дастаўляліся на Стаўбцоўскі філіял Гарадзейскага цукровага камбіната. На адвозцы караня-плодаў была задзейнічана тэхніка гэтага прадпрыемства.

Сёлета пад гэтую культуру ў ААТ «Шашкі» было адведзена 140 га. На наступны год плошчы  застануцца тыя ж, бо ў гаспадарцы не ўсе палі падыходзяць для вырошчвання цукровых буракоў.

Марына КУТАС

Рекомендуем