Меню

З малых гадоў – хваробы пазваночніка. Даведаліся ў раённай бальніцы, што робіцца, каб фарміравалася здаровае патомства

Общество

Дыспансерызацыя дзіцячага насельніцтва раёна паказала, што большасць мае другую групу здароўя. Прыкладна такая ж тэндэнцыя захоўваецца ў цэлым па рэспубліцы

Што робіцца на Стаўбцоўшчыне для таго, каб фарміравалася здаровае патомства, мы пагутарылі з участковым педыятрам Анастасіяй Клімовіч. Дзеці хварэюць на тым жа ўзроўні

– Агульная захваральнасць дзяцей і падлеткаў на працягу апошніх гадоў застаецца практычна на адным узроўні, – гаворыць Анастасія Клімовіч. – Невялікі спад мы назіралі толькі ў 2020 годзе ў сувязі з кавідам. Дзеці менш хварэлі на гэтую інфекцыю, і, адпаведна, было менш зваротаў у паліклініку з-за боязі парушыць супрацьэпідэмічны рэжым. У структуры пярвічнай захваральнасці лідзіруюць захворванні верхніх дыхальных шляхоў.

Для нас важна тое, што дзякуючы сумеснай рабоце ўсіх службаў Стаўбцоўскай ЦРБ (педыятрыі, тэрапіі, гінекалогіі, хірургіі, рэанімацыі) удалося пазбегнуць выпадкаў дзіцячай смяротнасці і лятальнасці сярод немаўлят.

Акцэнт – на паставу школьнікаў

На дадзены момант дыспансернае назіранне вядзецца за 1760 дзецьмі. Прэваліруюць прыроджаныя парокі развіцця, але і хваробы сістэмы кровазвароту, касцёва-цягліцавай сістэмы і злучальнай тканіны маюць актуальнасць. Апошнія – так званыя хваробы веку, бо з-за няправільнага сядзення і хадзьбы негатыўны ўплыў на фарміраванне апорна-рухальнага апарату адчуваецца ўжо з малых гадоў.

Акцэнт робім на выяўленне ў дзяцей скаліёзу. Падчас медаглядаў звяртаем увагу на школьнікаў з парушэннямі паставы. У мінулым годзе такіх было 120. Усе гэтыя пацыенты прайшлі рэабілітацыю з выкарыстаннем магчымасцей стацыянара бальніцы, а таксама санаторнай базы Мінскай вобласці. У выніку 11 чалавек, якія поўнасцю паправіліся, зняты з уліку.

Выяўленне скаліёзу ідзе на пачатковым этапе, і ў гэтым – эфектыўнасць  планамернай работы стаўбцоўскіх медыкаў.

Якасць дыспансерызацыі і інваліднасць

На жаль, на Стаўбцоўшчыне пражывае 181 дзіця, якое мае інваліднасць. Па выніках 2022 года адзначаецца зніжэнне пярвічнага выхаду на інваліднасць і яе цяжкасці ў параўнанні з 2021 годам. Пераважаюць дзеці з першай ступенню страты здароўя, што гаворыць на карысць ранняга выяўлення захворванняў, адсутнасць запушчаных выпадкаў.

У структуры інваліднасці дзяцей на першыя пазіцыі выйшлі хваробы нярвовай сістэмы, псіхічныя захворванні, прыроджаныя парокі развіцця.  У сувязі з гэтым нельга не задаць пытанне: «Ці магчыма папярэдзіць  тыя ці іншыя захворванні на этапе цяжарнасці жанчыны?»

У Стаўбцоўскай ЦРБ назіранне за пацыенткамі вядзецца на якасна высокім узроўні, таму падобных сітуацый не ўзнікала. Акрамя таго, у бальніцы паспяхова працуе цэнтр ранняга ўмяшальніцтва, спецыялісты якога дапамагаюць дзецям развівацца найлепшым для іх чынам. Сярод актуальных задач – паляпшэнне якасці дыспансерызацыі дзіцячага насельніцтва.

Чужых дзяцей не бывае

Медыкі, якія ажыццяўляюць патранаж малых дзяцей, бяруць удзел нароўні з іншымі суб’ектамі прафілактыкі ў выкананні дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека», Дэкрэта № 18, мерапрыемстваў па папярэджанні дзіцячага траўматызму.

Работнікі паліклінікі, амбулаторый і ФАПаў не застаюцца абыякавымі, калі бацькі не выконваюць свае абавязкі і ёсць крытэрыі сацыяльна небяспечнага становішча дзяцей у сям’і (часцей за ўсё гэта звязана са злоўжываннем бацькамі спіртнымі напіткамі). Каб зберагчы іх жыцці і здароўе, важна своечасова перадаць гэтую інфармацыю ў адпаведныя дзяржаўныя органы.

На Стаўбцоўшчыне прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы двое дзяцей ва ўзросце да аднаго года, восем – да трох гадоў. Ва ўзаемадзеянні з суб’ектамі прафілактыкі ажыццяўляецца рэабілітацыя гэтых сем’яў.

Прышчэпка здароўя

Прафілактычныя прышчэпкі праводзяцца дзецям на працягу года ў адпаведнасці з планам-календаром. Імунізуецца дзіцячае насельніцтва і супраць кавіду, у тым ліку бустарнай вакцынай.

На гэтым і іншых напрамках важна не спыняць асветніцкую работу, таму што здароўе дзяцей у многім залежыць ад светапогляду бацькоў.

Педыятры таксама растуць

Стаўбцоўскія ўрачы-педыятры імкнуцца павышаць свой прафесійны ўзровень. Да прыкладу, атрымліваюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.

Увогуле для педыятрычнай службы раёна характэрна 100-працэнтная кадравая ўкамплектаванасць і спрыяльная сітуацыя ў плане пераемнасці навыкаў. Побач з маладымі спецыялістамі працуюць вопытныя калегі, у тым ліку заслужаныя ветэраны медыцыны, гатовыя дапамагчы і падтрымаць.

На Стаўбцоўшчыне пражываюць  7372 дзіцяці, з іх 301 – ва ўзросце да аднаго года. Пераважае гарадское дзіцячае насельніцтва над сельскім амаль у два разы.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Рекомендуем