Меню

Зрабіць урок эксперыментам. Як захапіць школьнікаў біялогіяй, ведае Мікалай Якжык

Общество

Да свайго першага ўрока, які правёў два гады назад, настаўнік хіміі і біялогіі Шашкоўскай сярэдняй школы Стаўбцоўскага раёна Мікалай Якжык рыхтаваўся на працягу тыдня. Малады педагог хваляваўся, як яго, учарашняга студэнта, сустрэнуць вучні. І дарэмна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сёння дысцыпліны, якія выкладае малады настаўнік, любімыя ў большасці вучняў: педагог стараецца зрабіць кожны ўрок максімальна цікавым і эфектыўным. Дасягнуць такога балансу Мікалаю Якжыку дапамагае захопленасць сваімі прадметамі.

“Калі сам вучыўся ў школе, у 10—11 класах вывучаў на павышаным узроўні матэматыку і англійскую мову, але мне заўсёды падабаліся хімія і біялогія, — расказвае пра сябе малады спецыяліст. — Вучнем я ўдзельнічаў у алімпіядах па біялогіі і матэматыцы. Дзякуючы таму, што змог сябе паспрабаваць і ў адным, і ў другім прадмеце, зразумеў, што біялогія мне куды бліжэйшая, чым матэматыка”.

Сарыентавацца ў тым, куды паступаць і кім быць, Мікалаю Якжыку дапамагла яго мама, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 Стоўбцаў Жанна Мікалаеўна Якжык. Бачачы, што сын вагаецца з выбарам, педагог параіла яму звярнуць увагу на факультэт прыродазнаўства БДПУ.

“Мама расказала пра ўсе плюсы і мінусы работы настаўніка, — працягвае М.Якжык. — Калі яна прыходзіла дадому пасля ўрокаў, то дзялілася эмоцыямі і ўражаннямі. Ні разу не чуў, што прафесія педагога не падабаецца ці расчаравала яе. Наадварот, у Жанны Мікалаеўны заўсёды былі натхненне і жаданне ісці да сва­іх маленькіх навучэнцаў. Паразважаўшы, вырашыў, што таксама стану педагогам і адназначна буду выкладаць любімыя прадметы — біялогію і хімію. У адрозненне ад біялогіі, у алімпіядах па якой удзельнічаў, хімію люблю за цікавыя эксперыменты, якія можна правесці на практыцы. Хімічныя і біялагічныя працэсы можна ўбачыць няўзброеным вокам, яны бесперапынна працякаюць вакол нас на працягу ўсяго жыцця. Помню, быў пад уражаннем, калі даведваўся штосьці новае з гэтых дысцыплін. А сёння ўжо я ўражваю сваіх вучняў шматлікімі з’явамі і фактамі з дзвюх самых цікавых навук”.

На першым рабочым месцы непаразумення з дзецьмі і праблем з выкладаннем у маладога настаўніка не было. Атрымліваецца, дарэмна хваляваўся перад першым урокам.

“З самага першага дня ўсё, што тычыцца выкладання і зносін з калектывам, складвалася вельмі добра, — дзеліцца ўспамінамі М.Якжык. — Тым не менш былі некаторыя цяжкасці з падрыхтоўкай дакументацыі да пачатку года. Дзякуючы свайму калектыву, які дапамагаў і падтрымліваў, тлумачыў, як і што рабіць, у мяне ўсё атрымалася. Нават сёння, калі нешта незразумела або калі мне патрэбна прафесійная парада ў тым ці іншым пытанні, я ведаю, што магу звярнуцца да калег і яны дапамогуць”.

Малады спецыяліст запэўнівае: каб зацікавіць дзяцей прадметам, у першую чаргу трэба самому яго любіць. Яркія і запамінальныя эксперыменты, якія настаўнік паказвае не з экрана манітора, а ўжывую, як па хіміі, так і па біялогіі, маюць вялікае значэнне.

“На занятках імкнуся паказаць вучням, што ўсе працэсы, якія адбываюцца вакол нас, неадрыўныя ад хіміі, — прыводзіць факты Мікалай Якжык. — Таксама дэманструю на дакладных прыкладах, што хімія і наша жыццё непарыўна звязаны. Безумоўна, вучу дзяцей прымяняць атрыманыя веды на практыцы. Для гэтай мэты нічога больш паказальнага, чым доследы, яшчэ ніхто не прыдумаў. Навучэнцам яны вельмі падабаюцца”.

Прынцыповы падыход педагога — задаваць дамашнія практычныя заданні па кожнай тэме.

“Вырасціць нешта, разгледзець або паназіраць за якім-небудзь біялагічным аб’ектам ці хімічным працэсам самастойна, без маіх каментарыяў і заўваг дзецям таксама даспадобы, — зазначае настаўнік. —  Да таго ж прапаноўваю задачы, звязаныя з практыкай, прашу на кожны ўрок знаходзіць інфармацыю пра цікавыя тэматычныя выпадкі, якія пасля разам разбіраем. Хімія і біялогія — наглядныя прадметы, і, як паказвае практыка, яркія эксперыменты і даследаванні выклікаюць вялікую цікавасць, асабліва калі ў дзяцей ёсць магчымасць папраца­ваць самастойна. Для большасці вучняў хімія — даволі цяжкі прадмет. Але калі ўрок складаецца з доследаў, то прадмет становіцца простым для ўспрымання. Дзеці захопліваюцца і амаль усім класам пагружаюцца ў працэс. Вядома, ёсць розныя вучні. Што тычыцца тых, хто не паспявае ў прадмеце, то з імі праводжу дадатковыя заняткі, але таксама абавязкова з практычным складнікам”.

За час работы ў Шашкоўскай сярэдняй школе Мікалай Якжык дакладна вызначыўся з кірункам работы, які яму найбольш цікавы адносна сваіх дысцыплін. Педагог з задавальненнем працуе з матываванымі і адоранымі дзецьмі. Хваліцца сваімі вынікамі і перамогамі малады настаўнік пакуль саромеецца.

“Нягледзячы на тое, што Мікалай Дзмітрыевіч прыйшоў да нас працаваць толькі два гады назад, ён ужо здолеў захапіць вучняў сваімі прадметамі, — з гордасцю расказ­вае пра маладога калегу дырэктар Шашкоўскай сярэдняй школы Алена Рослік. — З мінулага года Мікалай Дзмітрыевіч далучыў вучняў да ўдзелу ў конкурсе даследчых работ па біялогіі. Навучэнка 9 класа Алеся Ламан стала ўладальніцай дыплома ІІ ступені, а навучэнка 8 класа Ксенія Кухарчык атрымала дыплом ІІІ ступені на раённым конкурсе даследчых работ. Так, узровень пакуль што раённы, але педагог толькі пачынае працаваць у гэтым кірунку. Таму гэта вельмі добры паказчык. Мікалай Якжык рыхтуе навучэнцаў і да цэнтралізаванага тэсціравання па біялогіі”.

У верасні ў раскладзе ўрокаў Мікалая Якжыка з’явіўся яшчэ адзін прадмет — інфарматыка: у мінулым годзе малады педагог паступіў у Інстытут перападрыхтоўкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і пачаў яе выкла­даць.

“Сёлета ў школу прыйшла працаваць маладая настаўніца біялогіі і геаграфіі Настасся Вяршына, — працягвае дырэктар школы. — Пасля таго як вучні даведаліся, што Мікалай Дзмітрыевіч будзе выкла­даць ва ўсіх класах толькі хімію і інфарматыку, а біялогію — выключна на профільным узроўні, яны вельмі засмуціліся, бо яго ўрокі любяць усе. Мы вельмі ганарымся сваім калегам. Нягледзячы на тое, што ў яго невялікі вопыт работы, ён таленавіты і дапыт­лівы педагог — да такіх цягнуцца вучні”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА

Рекомендуем