Меню

А вы напісалі заяву?

Общество

У сацыяльных сетках жыхары Стаўбцоўшчыны задаюць пытанні адносна таго, калі на іх вуліцах і ў населеных пунктах з’явяцца валаконна-аптычныя лініі сувязі, якія дазволяць мець інтэрнэт высокай хуткасці і палепшыць якасць тэлефаніі.

Пра магчымасці і перспектывы мы папрасілі расказаць начальніка цэха электрасувязі Сяргея Блінкоўскага.

– Любы абанент можа звярнуцца ў сэрвісны цэнтр «Белтэлекама» і атрымаць канкрэтную і вычарпальную інфармацыю, – зазначае Сяргей Блінкоўскі. – Неабходна прыйсці з пашпартам і напісаць заяву. На працягу дзесяці дзён яна будзе разгледжана і будзе вынесена заключэнне. Калі ёсць тэхнічная магчымасць, абаненту адразу прапануем пералік сучасных паслуг, у выпадку адсутнасці такой магчымасці – бесправадны тэлефон.

Сяргей Блінкоўскі звяртае ўвагу, што  на дадзены момант заяў на ўстаноўку тэлефона ад жыхароў вуліцы Гагарына і Мамантава ў Стоўбцах, вёсак Куль, Мікалаеўшчына і інш. не паступала.

Разам з тым у раёне вуліц Мамантава і Гагарына існуе магчымасць атрымання высакаскорасных тарыфных планаў па меднажыльных кабельных лініях (да 100 Мбіт/с), але неабходна звярнуцца з заявай.

«Белтэлекам» будуе аб’екты  з улікам эканамічнай мэтазгоднасці і тэрмінаў акупнасці, таму для вывучэння попыту на паслугі электрасувязі праводзіцца анкетаванне патэнцыяльных абанентаў з дапамогай сельвыканкамаў, паштовых аддзяленняў і г. д.

У бягучым годзе валаконна-аптычныя лініі сувязі пабудаваны ў мікрараёне прыватнай забудовы Стоўбцаў (ад вуліцы Сацыялістычнай да вуліцы Задвор’енскай), у сельскай мясцовасці – у Ператоках, Драздах, Старым Свержані, Коласаве, Наваколасаве. Завершана другая чарга будаўніцтва ў Дзераўной.

У 2024 годзе намечана завяршыць трэцюю чаргу будаўніцтва ў Новым Свержані, а таксама на вуліцах 17 Верасня і суседніх з ёй (Мамантава, Беларуская і інш.) у Стоўбцах.

У 2024–2025 гадах плануецца пачаць будаўніцтва валаконна-аптычных ліній сувязі ў вёсках Беламошша, Заброддзе, Падляскоўе, Дружная, вырашаецца пытанне аб будаўніцтве ў Шашках, Рубяжэвічах і суседніх населеных пунктах.

Сэрвісны цэнтр «Бэлтэлекама» ў Стоўбцах працуе з 09.00 да 18.00, у рабочыя дні. Кант. тэл. – 7-34-15.

Кансультацыі – па кароткім нумары 123.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Рекомендуем