«Агняборац павінен мець халодны розум». Сяргей Янкоўскі ведае, як дзейнічаць у экстранных сітуацыях
Сяргей Янкоўскі сапраўды з’яўляецца тым чалавекам, для якога пажарная служба – справа яго жыцця.
Праўда, выратавальнік прызнаецца, што не планаваў звязаць сваю прафесійную дзейнасць з МНС. Але жыццё ўнесла свае карэктывы.
– Пасля заканчэння сярэдняй школы № 3 г. Стоўбцы паступаў у педагагічны інстытут: за кампанію з сябрам вырашыў стаць настаўнікам гісторыі і англійскай мовы. Але лёс паднёс сюрпрыз: у інстытут не паступіў, – дзеліцца Сяргей Янкоўскі.
Далей – курсы прафесійных вадзіцеляў у Нясвіжскай аўташколе, гады арміі. Адслужыў – прыйшоў час вызначацца з прафесіяй. Пагаварыў з сябрамі і знаёмымі, якія працавалі пажарнымі, і натхніўся іх выбарам. Прайшоў усе неабходныя праверкі і быў у 1997 годзе прыняты ў штат супрацоўнікаў пажарнай службы. «Хто мог падумаць, што затрымаюся тут на цэлых 25 гадоў!» – расказвае Сяргей Генадзьевіч.
Пачынаў на пажарным аварыйна-выратавальным пасту № 11 у в. Новы Свержань камандзірам аддзялення. У 2005 годзе перавёўся ў ПАВЧ № 1 г. Стоўбцы. Цяпер – старшы інструктар-выратавальнік. Ужо ў лютым 2024 года збіраецца выйсці ў запас.
У Сяргея Янкоўскага ніколі не было жадання ўсё кінуць і змяніць сферу дзейнасці. З гадамі прыйшло разуменне, што займаецца высакароднай справай.
Менавіта тут, у раённым аддзеле, Сяргей Генадзьевіч знайшоў не толькі сваё прызванне, але і сапраўдных сяброў. Разам прайшлі агонь і ваду! Заўсёды адчуваў падтрымку і ўзаемавыручку калег. У пажарнай часці – сапраўдная каманда, і тут кожны гатовы прыйсці на дапамогу. З удзячнасцю ўспамінае выратавальнік і сваіх калег – Юрыя Босага, Уладзіміра Янушэвіча, Аляксандра Бычко і іншых, якія навучылі жыць і працаваць у камандзе, прывівалі пачуццё локця і таварыскасці.
Сяргей Генадзьевіч карыстаецца павагай у калектыве. За час службы зарэкамендаваў сябе як адказны і добрасумленны спецыяліст, кіраўніцтва неаднаразова адзначала яго граматамі, падзякамі і медалямі. Так, ён быў узнагароджаны нагрудным знакам МНС Рэспублікі Беларусь «Выдатнік», медалём «За бездакорную службу» II ступені і інш.
Работа выратавальніка зусім не спакойная, часта бываюць і нечарговыя выклікі на дзяжурствы. Але нават пры такой занятасці Сяргей Янкоўскі з лёгкасцю знаходзіць час для ўдзелу ў спартыўных мерапрыемствах і, зразумела, для сям’і, якая стала яго надзейным і моцным тылам.
Іна ГАПАНОВІЧ
Фота Ксеніі РУБІН