Меню

Аляксандр Звярынскі робіць з драўніны карысныя і патрэбныя рэчы

Общество

Аляксандр Звярынскі працуе майстрам-будаўніком у ААТ «Вішнявецкі-агра».

Сустрэліся з Аляксандрам Мікалаевічам у сталярным цэху. Адчыніўшы дзверы майстэрні, адчула пах толькі што распілаваных хваёвых дошак. Як прыемна ўдыхаць іх смаляністы водар! Падчас майго візіту ў цэху кіпела работа. Кожны быў заняты сваёй справай. Шум цыркуляркі, калі піла з віскам уразаецца ў дрэва, – звыклая абстаноўка для рабочых. Майстар якраз абмяркоўваў з будаўнікамі чарговы заказ.

Завіхаецца Аляксандр Звярынскі ў прафесіі восем гадоў, а на пасадзе шчыруе акурат пяцігодку. Зарэкамендаваў сябе з самага лепшага боку, і кіраўніцтва таварыства даверыла маладому чалавеку ўзначаліць брыгаду.

– Падабаецца праца? – цікаўлюся ў Аляксандра Мікалаевіча. Ён станоўча ківае галавою і адказвае:

– А інакш не працаваў бы тут. Мяне заўсёды вабіла гэтая прафесія. Яшчэ са школьных гадоў хацелася нешта будаваць. Ды і перспектыва навідавоку. Будаўнікі нядрэнна зарабляюць.

– А змяніць работу, падацца ў горад няма жадання? – задаю правакацыйнае пытанне.

– Мяне задавальняюць умовы работы і заработная плата. А жыву цяпер у горадзе, здымаю кватэру. Хачу стварыць са сваёй каханай моцную сям’ю. Яна таксама мае дачыненне да будаўнічай прафесіі, працуе маляром. У перспектыве думаем узяць крэдыт і купіць уласнае  жыллё, – кажа Аляксандр Мікалаевіч і, як бы апярэджваючы наступнае маё пытанне, дадае: – На работу дабіраюся транспартам таварыства. У гэтым плане няма ніякіх праблем.

Пад кіраўніцтвам Аляксандра Звярынскага не толькі сталярная брыгада.

– Работнікі ў лесе драўніну нарыхтоўваюць, пілуюць дровы для патрэб фермаў, робяць кармушкі для маленькіх цялят, выконваюць і іншыя неабходныя заказы, – расказвае майстар. – Адным словам, усё, што звязана з дрэвам, – гэта іх прэрагатыва. І два чалавекі ў нас займаюцца рознымі будаўнічымі работамі: кладкай, тынкоўкай, укладкай пліткі і г. д. Калектыў дружны, працавіты. З рабочымі лёгка працуецца. Мы заўсёды знаходзім з імі паразуменне.

І людзі майстра прызналі, нават старажылы звяртаюцца да яго па параду.

Як прызнаецца малады чалавек, работа для яго не проста занятак, а справа, якой марыў займацца. Атрымаў спецыяльнасць у Мінскім індустрыяльна-педагагічным каледжы, у якім вучыўся завочна.

Да дрэва ў Аляксандра Мікалаевіча цёплае стаўленне. Ён лічыць, што рабіць з драўніны карысныя і патрэбныя рэчы – гэта не проста праца, а ў нейкай ступені і рамяство.

– Выкарыстоўваем у сваёй рабоце розныя пароды дрэў, у тым ліку і сасну. Гэта самы просты ў апрацоўцы матэрыял, але ў той жа час – прыгожы, фактурны. З яго атрымліваюцца нядрэнныя дзверы і лавачкі, аконныя рамы. Распілоўваем кругляк на пілараме таварыства.

Аляксандр Мікалаевіч – перспектыўны спецыяліст, добра ведае даручаную справу. Не ганарысты. Да людзей адносіцца з павагай, і да работы – з адказнасцю. Не цураецца цяжкай працы, дапамагае работнікам брыгады, калі ёсць патрэба выканаць тую ці іншую работу. Пэўна, не памылюся, калі скажу, што ў наш час такіх хлопцаў нямнога сярод моладзі.

Аляксандр Звярынскі родам з Вішняўца. Тут жывуць яго бацькі. Маці працуе тэхнікам-асемянатарам на ферме, а бацька – жывёлаводам.

– Важна любіць справу, якую робіш, – сказаў на развітанне Аляксандр Мікалаевіч. – Я з задавальненнем хаджу на работу.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара

 

Рекомендуем