Меню

«Асноўны крытэрый – увага да кожнага грамадзяніна». Дэпутат Аляксандр Пашкевіч аб асаблівасцях работы з выбаршчыкамі

Общество

Аляксандр Пашкевіч ужо тры скліканні запар з’яўляецца дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. Сваю кандыдатуру Аляксандр Міхайлавіч выставіў і на сёлетніх выбарах, якія пройдуць 25 лютага, у адзіны дзень галасавання.  

– З’яўляюся дэпутатам па Маладзёжнай акрузе ў г. Стоўбцы, якая  ўключае вуліцы Міру і Ленінскую. Гэта ці не самы малады і густанаселены мікрараён нашага горада, – заўважае Аляксандр Пашкевіч. – Са свайго вопыту ведаю, што звяртаюцца выбаршчыкі ў большасці па тых праблемах, якія павышаюць узровень іх жыцця. Гэта якасць вады, стан дарог і двароў, работа гандлёвых кропак, вулічнае асвятленне і інш.  Да абласнога свята «Дажынкі-2022» многія набалелыя пытанні былі вырашаны. І работа ў гэтым напрамку працягваецца штодзённа.

– Аляксандр Міхайлавіч, як часта да вас звяртаюцца выбаршчыкі?

– Раз у месяц дэпутаты праводзяць прыёмы грамадзян згодна з графікам. Аднак, працуючы ў калектыве (Аляксандр Пашкевіч з’яўляецца дырэктарам ААТ «Стаўбцоўская ПМК». – Заўвага рэдакцыі), часцей вырашаем праблемы ў рабочым парадку, не чакаючы даты прыёму. Даносім іх сутнасць да мясцовых органаў улады і сумесна дзейнічаем. Выбудавана сістэма работы.

Варта сказаць, што кожную суботу праводзяцца прамыя лініі – у раённым выканаўчым камітэце і аблвыканкаме, а таксама на рэспубліканскім узроўні. Кожны можа пазваніць і задаць сваё пытанне. У раёне іх выкананне знаходзіцца на кантролі старшыні райвыканкама. Вядзецца пастаянны аналіз вынікаў работы са зваротамі грамадзян, пры неабходнасці даюцца адпаведныя даручэнні.

– З чым апошнім часам звярталіся тыя, хто аддаваў за вас свой голас?

– Людзі званілі падчас снегападаў. Пыталіся, напрыклад, чаму нельга даехаць да вёскі Суднікі. Але пачысціць усе дарогі і вуліцы адначасова немагчыма. Пытанне было вырашана на працягу сутак-паўтара пры наяўнасці сучаснай тэхнікі ў камунальнай службе і на сельгаспрадпрыемствах, у іншых арганізацыях.

– Звяртаюцца да вас з канструктыўнымі прапановамі?

– Раней адна з выбаршчыц прыходзіла з ініцыятывамі, як, да прыкладу, арганізаваць вольны час жыльцоў дома, настроіць іх на здаровы лад жыцця, дабіцца чысціні ў пад’ездзе і г. д. Увасабленне гэтых прапаноў – сумесная работа жыльцоў і дэпутатаў.

Не трэба забываць, што дэпутаты ў першую чаргу з’яўляюцца прадстаўнікамі заканадаўчай улады, якія прымаюць рашэнні на сесіях мясцовых Саветаў дэпутатаў, звяртаюцца з запытамі ў іншыя інстанцыі і г. д. Асноўны крытэрый у іх рабоце – увага да кожнага грамадзяніна, фарміраванне грамадзянскай супольнасці, якая паслужыць наладжванню дастойнага жыцця ў нашым агульным доме – ад сям’і да вуліцы, горада і рэспублікі ў цэлым.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара

Рекомендуем