БССР – 105 гадоў
1 студзеня 2024 года спаўняецца роўна 105 гадоў з дня нараджэння першай беларускай дзяржавы – Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.
Наша маладая беларуская дзяржава фарміравалася ў цяжкіх ваенных умовах. З-за грамадзянскай вайны і замежнай ваеннай інтэрвенцыі мы жылі ў ваенным форс-мажоры. Але ўжо пасля заканчэння савецка-польскай вайны 1919–1921 гг. БССР пачала жыццё з чыстага ліста. Сведчаннем гэтага з’яўлялася паўторнае абвяшчэнне БССР 31 ліпеня 1920 года. Так атрымалася, што пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921 года ўся Заходняя Беларусь, у тым ліку і наш родны горад Стоўбцы, апынулася пад уладай польскіх паноў на цэлых 20 гадоў. А БССР складалася ўсяго толькі з шасці паветаў былой Мінскай губерні.
30 снежня 1922 года БССР стала адной з рэспублік-сузаснавальніц велізарнай дзяржавы, якая займала адну шостую частку зямнога шара, – Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.
Развіццё нашай краіны ў 1920–1930-х гг. праходзіла ў вельмі цяжкіх пасляваенных умовах. Але беларускі народ праявіў незвычайны энтузіязм і моцны характар. У выніку гэтага да пачатку Вялікай Айчыннай вайны БССР стала рэспублікай з вялікай колькасцю педагагічных устаноў. Але самае галоўнае дасягненне БССР заключалася ў тым, што яна стала аграрна-індустрыяльнай рэспублікай з развітой лёгкай, харчовай, машынабудаўнічай прамысловасцю. І што немалаважна, БССР стала да пачатку вайны адзінай краінай. Так, у выніку ўзбуйнення ў 1920-я гады да БССР былі далучаны тэрыторыі цяперашніх Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей. А восенню 1939 года Заходняя Беларусь уз’ядналася з БССР у адну моцную дзяржаву.
Але 22 чэрвеня 1941 года пачалося самае складанае для нас выпрабаванне. Нямецкія фашысты ўварваліся на тэрыторыю БССР, і да восені 1941 года ўся яе тэрыторыя была акупіравана. Былі спалены і знішчаны многія гарады, вёскі.
Але народ не страціў пачуцця ўласнай годнасці. На ўсёй акупіраванай тэрыторыі БССР разгарнулася сапраўдная партызанская вайна. Кіраваў партызанскім падполлем Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР), які ўзначальваў першы сакратар ЦК КПБ Панцеляймон Панамарэнка.
У 1944 годзе была праведзена шырокамаштабная аперацыя пад кодавай назвай «Баграціён», падчас якой 2 ліпеня былі вызвалены нашы родныя Стоўбцы, 3 ліпеня – Мінск, 28 ліпеня – Брэст. Так вярнулася на беларускія землі ранейшае, рабоча-сялянскае, жыццё.
1950–1980-я гады, на мой погляд, – залаты век БССР. Тады Беларусь празвалі «зборачным цэхам СССР». Менавіта ў нас базіраваліся прадпрыемствы лёгкай, харчовай, машынабудаўнічай, металаапрацоўчай прамысловасці.
БССР як краіны на палітычнай карце свету не існуе. Але людзі памятаюць тое, як яна крок за крокам, дзень за днём дабівалася грандыёзных поспехаў у сваім развіцці. Ды да таго ж цяперашняя сацыяльна арыентаваная беларуская дзяржава працягвае палітыку ў інтарэсах працоўнага народа. Нездарма Рэспубліку Беларусь некаторыя «дасціпнікі» называюць «СССР у мініяцюры».
Ігар ШЫДЛОЎСКІ