Бум добраўпарадкавання прыйдзе ў Стары Свержань
Першы аграгарадок на Стаўбцоўшчыне – Стары Свержань – сёлета чакаюць кардынальныя змены.
Увосень тут мяркуецца зладзіць раённае свята «Дажынкі-2024», таму ўжо гэтымі днямі ў Стары Свержань выехалі прадстаўнікі зацікаўленых арганізацый, каб на месцы ацаніць стан сацыяльных аб’ектаў, вуліц і інфраструктуры, скласці план неабходных мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні. Вядома, што на асобных участках вуліц аграгарадка патрабуецца замена сетак водазабеспячэння, у сувязі з чым водаканал рыхтуе праектна-каштарысную дакументацыю.
– Будзем рамантаваць прыдамавыя тэрыторыі, – зазначае начальнік аддзела архітэктуры і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Яўген Кандратовіч, называючы і адзін з патэнцыяльных адрасоў добраўпарадкавання – дом па вуліцы Камарова, 16, дзе мяркуецца абнавіць фасад, адрамантаваць адмостку, уваходную групу, кантэйнерную пляцоўку і пешаходныя сувязі. Разглядаецца ўстаноўка ля гэтага дома дзіцячай гульнявой пляцоўкі.
Летась Старасвержанскі сельвыканкам актыўна папрацаваў з вяскоўцамі на карысць іміджу Новай Вёскі (там праходзіла раённае свята «Дажынкі-2023»), а сёлета працягне гэтую работу з жыхарамі Старога Свержаня. Кожнаму домаўладальніку варта яшчэ раз уважліва зірнуць на фасад свайго дома і агароджу. Прывесці ўсё ў парадак – справа гонару для старасвержанцаў, знак павагі да свайго старажытнага населенага пункта, дзе зараджаліся гісторыя адукацыі Стаўбцоўшчыны, пераемнасць народнай культуры і традыцый.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара