Меню

Дапамагае свяціць сонцу дзіцячай душы

Образование

Работа настаўніка-дэфектолага пад сілу таму, хто шчыра любіць сваю справу, дзяцей, бачыць у кожным з іх асобу і ўмее запаліць сэрцы іншых. Менавіта такой з’яўляецца Святлана Хадзічэнка – настаўнік-дэфектолаг Стаўбцоўскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

У дзяцінстве Святлана Раманаўна марыла пра кар’еру інжынера і хацела працаваць на вялікім прадпрыемстве. Але праз некалькі гадоў яна выбрала зусім іншы шлях, дзякуючы парадам настаўнікаў і бацькоў. Паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Выбрала мала каму вядомы на той час напрамак дэфекталогіі – сурдапедагогіку.

Святлана Хадзічэнка застаецца вернай дэфекталогіі на працягу 28 гадоў, займаецца з дзецьмі з уласцівай ёй скрупулёзнасцю, настойлівасцю і любоўю. І апошнія 20 гадоў – у  Стаўбцоўскім ЦКРНіР. За доўгія гады працы ні разу не пашкадавала аб сваім выбары.

Самае цікавае і важнае ў прафесіі для Святланы Раманаўны – работа з дзецьмі. «Спрабую знайсці падыход да кожнага дзіцяці, імкнуся быць блізкім таварышам і настаўнікам, – адзначае педагог. – Вялікую ўвагу ўдзяляю рабоце з бацькамі выхаванцаў. Бо за кожным самым маленькім поспехам дзяцей з асаблівасцямі развіцця і дзяцей з інваліднасцю стаяць дні, а то і месяцы карпатлівай працы не толькі спецыялістаў, але і бацькоў. Тлумачу ім, што яны самыя галоўныя памочнікі для сваіх дзяцей у гэтым складаным і нязведаным свеце».

Самым яркім сведчаннем таго, што Святлана Раманаўна адбылася ў прафесіі, можна назваць павагу і любоў удзячных выхаванцаў. Нават сёння педагог падтрымлівае цесную сувязь з ужо дарослымі людзьмі, якіх некалі на сваім першым працоўным месцы вучыла паспяховай сацыялізацыі.

У прафесіі шмат цяжкасцей, але, нягледзячы на гэта, Святлана Раманаўна раскрывае свой творчы патэнцыял, атрымлівае зарад энергіі для руху наперад.

Важным напрамкам у рабоце педагог называе ўдзел выхаванцаў у раённым і абласным інклюзіўным фестывалі творчасці «Запалі сваю зорку». Фестываль праводзіцца з 2018 года і дае старт навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці». У нашым раёне правядзенне такіх мерапрыемстваў стала добрай традыцыяй. Штогод запальваюцца новыя зорачкі з ліку дзяцей з асаблівасцямі развіцця і дзяцей з інваліднасцю, якія дораць артыстызм і творчасць неабыякавым гледачам. І гэта дае магчымасць кожнаму дзіцяці адчуць свой поспех.

– Калі ў цябе няма шчырай любові да дзяцей і жадання аддаваць ім сваю энергію, то выніку не будзе, – адзначае Святлана Раманаўна. – З дзецьмі з асаблівасцямі развіцця і дзецьмі з інваліднасцю нельга хітраваць, яны гэта адчуваюць і разумеюць. Вядома, цешаць нават невялікія поспехі і дасягненні нашых выхаванцаў.

Святлана Хадзічэнка атрымлівае задавальненне ад працы, любіць яе за тое, што яна дае магчымасць сутыкацца са светам дзяцінства, дапамагаць таму, хто ў гэтым мае патрэбу. Кожны дзень яна аддае дзецям часцінку свайго сэрца, дапамагаючы «сонцу», якое ёсць у кожным дзіцяці, свяціць. Гэта – яе педагагічнае крэда.

Святлана Раманаўна прызнаецца, што ўвесь свой вольны час імкнецца прысвяціць родным і блізкім. Таксама яна любіць вязаць і глядзець фільмы, асабліва фантастычныя. Ва ўсё, чым займаецца, жанчына імкнецца ўкладваць душу.

Іна ГАПАНОВІЧ,

фота аўтара

Рекомендуем