Меню

Даюць не толькі святло . Даведаліся, чым жыве Стаўбцоўскі РЭС

Общество

Жыхарамі Стаўбцоўшчыны ўсё больш запатрабавана падключэнне да ліній электраперадачы для электраацяплення сваіх дамоў.

Пра гэта сведчыць рост колькасці зваротаў у службу «Адно акно», якая працуе ў Стаўбцоўскім РЭС і выконвае комплекс неабходных паслуг.

Да прыкладу, сёлета былі выдадзены тэхумовы 333 грамадзянам для электраацяплення і гарачага водазабеспячэння прыватных домаўладанняў, падключана з 2020 года – 602.

Як правіла, попыт ёсць сярод жыхароў негазіфікаваных населеных пунктаў Рубяжэвіцкага, Дзераўнянскага і іншых сельсаветаў, але паступаюць звароты і з, так бы мовіць, газіфікаваных – Новага Свержаня, Стоўбцаў і інш., таму што электраацяпленне з’яўляецца экалагічным, а яго падключэнне абыходзіцца з куды меншымі фармальнасцямі і выдаткамі.

Для таго каб пашырыць тэхнічныя магчымасці і гарантаваць спажыўцам бесперабойнае электразабеспячэнне, Стаўбцоўскі РЭС ажыццяўляе мадэрнізацыю і рэканструкцыю сетак.

У апошні час гэтыя работы закранулі Дзераўную, Новы Свержань. У 2024 годзе запланавана рэканструкцыя сетак у Найдзёнавічах, Мікалаеўшчыне, Новай Вёсцы. Рыхтуецца праект адносна Стоўбцаў (вуліц Гагарына, Першамайскай, Наднёманскай і інш.).

Начальнік Стаўбцоўскага РЭС Віктар Пракаповіч выказвае ўдзячнасць за працу кожнаму работніку, віншуе з прафесійным святам, жадае новых поспехаў і плёну.

У вёсцы Мясёнкаўшчына на лініі 10 кВ і падстанцыі вядуць работы па ўхіленні выяўленага дэфекту, а таксама абрэзцы галін электраманцёры Уладзімір Свірыдовіч, Сяргей Шпакоўскі, Аляксандр Кулініч (брыгадзір), Дзмітрый Паплаўскі, у цэнтры – майстар з больш чым 30-гадовым вопытам Сяргей Стома і вадзіцель аўтавышкі Віктар Мазуркевіч. Апошняму даверана новая тэхніка айчыннай вытворчасці ВІПА-18-01, якая паступіла ў РЭС у бягучым годзе  
Электраманцёр службы ліній электраперадачы Стаўбцоўскіх электрасетак Андрэй Жырневіч на абслугоўванні высакавольтнай лініі 110 кВ, участак Стоўбцы – Залужжа

Знаёмячы з тым, што зроблена ў бягучым годзе, Віктар Мікалаевіч зазначае:

– Працягласць замены неізаляванага проваду на ізаляваны на лініях 10 кВ, якія праходзяць праз лясныя масівы, склала 26 км. У населеных пунктах заменена 7,2 км проваду 0,4 кВ, што дазволіла павялічыць яго сячэнне і, адпаведна, магчымасці выкарыстання для патрэб электраацяплення. У Мархачоўшчыне праведзена рэканструкцыя сетак працягласцю 0,75 км. Больш за два дзясяткі трансфарматараў заменены на сучасныя, з палепшанымі характарыстыкамі.

Добрая дынаміка назіраецца і адносна пераходу на энергаэфектыўнае вулічнае асвятленне. Так, сёлета ўстаноўлена 440 святлодыёдных свяцільнікаў – у Новай Вёсцы, Русаковічах, Цеснавой, Кулі, Атцэдзе, Кучкунах, Ціханавай Слабадзе, Курачках, Найдзёнавічах,Трылесе. Цяпер работы вядуцца ў Горках і Зарэччы (Рубяжэвіцкі сельсавет), што дазволіць да канца бягучага года дабавіць яшчэ 70.

Віктар Пракаповіч удакладняе, што калектывам РЭС аператыўна, без затрымак выконваюцца заяўкі па вулічным асвятленні. Уся работа персаналу арганізавана ў штатным рэжыме, таксама і ўмовы надвор’я не выклікалі сёлета масавых адключэнняў электраэнергіі.

Дзякуючы РУП «Мінскэнерга» матэрыяльна-тэхнічная база Стаўбцоўскага РЭС папоўнілася сёлета чатырма адзінкамі новай тэхнікі – аўтавышкамі, трактарнымі пад’ёмнікамі. Плануецца абнаўленне і парку аўтамабіляў для аператыўна-выязных брыгад.

Работнікі, з якімі давялося пагутарыць падчас выезду на аб’екты, сустракаюць прафесійнае свята з добрым настроем. Яны выказваюць задаволенасць тым, як арганізаваны рабочы працэс, і звяртаюць увагу на прыкметнае паляпшэнне ўмоў працы, а менавіта на «стабільнасць» выхадных дзён, што тлумачыцца маштабнай сістэмнай работай па павышэнні надзейнасці сетак.

З усім намечаным на 2023 год калектыў Стаўбцоўскага РЭС справіўся ў поўным аб’ёме.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ,

фота аўтара

Рекомендуем