Дэкан Стаўбцоўскага дэканата ксёндз канонік Мар’ян Шэршань віншуе са светлым святам Вялікадня
Хрыстус Уваскрос!
Сапраўды Уваскрос! Аллелюя!
Дарагія браты і сёстры, чарговы раз мы стаім перад таямніцай пустой магілы Езуса і чуем словы, поўныя любові, суцяшэння і надзеі: «Не бойцеся! Хрыстус ужо ўваскрос. Пан мой і мая надзея. А месцам сустрэчы будзе Галілея…»
Гэтыя словы павінны ўмацоўваць нашу веру, што сярод зменлівасці і хаосу сучаснага свету ў розных выпрабаваннях і цярпеннях надалей крыніца любові і сілы нязменна з’яўляецца ўваскрослы Пан – Пераможца смерці, пекла і сатаны.
Уваскрослы Езус загадвае сваім вучням ісці ў Галілею. Няхай жа і наша сустрэча з жывым Збаўцам, прысутным у Найсвяцейшым Сакрамэнце, дапаможа ў Галілеі нашай штодзённасці знайсці мэту і сэнс жыцця, а таксама ўмацуе надзею на канчатковую перамогу дабра над злом, любові над нянавісцю і жыцця над смерцю. Няхай запылаюць нашыя сэрцы, калі Уваскрослы Хрыстус прыйдзе да нас са сваім Словам – Добрай Навіной – і Хлебам Жыцця ў Святой Камуніі.
Марыя, Маці надзеі, няхай выпрасціь нам дар пасхальнай радасці і вядзе да свайго Сына шляхам праўды, дабра і спакою ў далейшай падтрымцы нашага жыцця.
Няхай Вялікдзень паселіцца ў вашых сэрцах з надзеяй і ўсімі шчодрымі і неабходнымі ласкамі. Няхай Уваскрашэнне Пана дасць вам моц, напоўніць вашы дні спакоем, вясновым цяплом, любоўю і згодай!
Пасха – Вялікі Дзень у гісторыі хрысціянства і ўсяго чалавецтва. Таму, любыя браты і сёстры – хрысціяне,
Слёзы з твару выцірайце, праганяйце з сэрцаў грэх.
Песні радасна спявайце, хай гучыць вясёлы смех.
Уваскрос Пан над Панамі,
Ён жыве, Ён разам з намі!
Хрыстус Уваскрос!
Сапраўды Уваскрос! Аллелюя!
Дэкан Стаўбцоўскага дэканата ксёндз канонік Мар’ян ШЭРШАНЬ, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Налібаках