Энергетык у трэцім пакаленні. Марына Каспяровіч працягвае сямейную дынастыю
Марына Каспяровіч працуе ў Стаўбцоўскіх электрасетках, дзе шчыравалі яе бацькі і абодва дзядулі
Марына Анатольеўна – інжынер службы ліній электраперадачы. У мужчынскім калектыве гэтай службы яна адзіная жанчына, і яе ў новым годзе чакае важкі юбілей працоўнай дзейнасці – 30-годдзе.
– У Стаўбцоўскія электрасеткі мяне прывялі матуля і дзядуля адразу пасля заканчэння школы, – прыгадвае Марына Каспяровіч.
Ёй пры паступленні на энергафак БНТУ не хапіла аднаго бала. Можна было пайсці на завочнае аддзяленне, але яна вырашыла забраць дакументы.
– Я са шматдзетнай сям’і. Нас чацвёра, тры сястры і брат. На той момант дзве мае старэйшыя сястры ўжо займаліся ў ВНУ. Бацькам матэрыяльна было няпроста, – тлумачыць Марына свой крок пайсці на бухгалтарскія курсы пры «нархозе», якія прапанавалі ў службе занятасці.
Такім чынам, у электрасетках яна пачынала бухгалтарам (акрамя курсаў закончыла каледж па спецыяльнасці «бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт»), а ўжо пасля заканчэння энергетычнага каледжа (спецыяльнасць «электрычныя станцыі») была пераведзена ў тэхнічнае падраздзяленне – службу ліній электраперадачы, дзе шчыруе і сёння.
У гэтай жа службе, дарэчы, працуе ўжо 25 гадоў і брат Марыны – Аляксандр Пабярэжны. Электраманцёр пятага разраду, ён неаднойчы прымаў удзел у складзе каманды ў спаборніцтвах прафесійнага майстэрства рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Аляксандр і Марына годна працягваюць дынастыю энергетыкаў.
Агульны стаж працоўнай дынастыі Пархімовіч – Пабярэжныя – Каспяровіч налічвае амаль 135 гадоў, якія змяшчаюць жыцці трох пакаленняў, у тым ліку двух цяперашніх работнікаў Стаўбцоўскіх электрычных сетак.
Марына Каспяровіч з цеплынёй прыгадала тых, хто стаяў ля вытокаў іх вялікай працоўнай дынастыі. Гэта дзядулі – Пархімовіч Вячаслаў Іосіфавіч (працаваў вадзіцелем) і Пабярэжны Сямён Яўстаф’евіч (работнік вартавой аховы), які, да таго ж, быў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны.
Свой уклад у развіццё Стаўбцоўскіх электрасетак таксама ўнеслі бацькі – Пабярэжныя Анатоль Сямёнавіч (працаваў токарам) і Тамара Іванаўна (была аператарам ЭВМ).
Тамара Іванаўна ганарыцца сваімі дзецьмі, якія працягваюць прафесійныя і сямейныя традыцыі.
У сваім кабінеце інжынер Марына Каспяровіч працавала з тэхнічнай дакументацыяй, і мы пацікавіліся ў яе настроем, планамі на 2024 год, на што яна адказала: «Мне вельмі падабаецца мая работа. Калектыў у службе ліній электраперадачы падабраўся дружны, сюды прыходзяць маладыя граматныя работнікі. Хочацца, каб і ў новым годзе ў нас была плённая і зладжаная работа».
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара