Фінансавы дабрабыт забяспечваў рэдактар
Пачынала я наборшчыцай у друкарні, побач з Шадура Ганнай Мікалаеўнай, Раманавай Аляксандрай Мікалаеўнай, Панамаровай Марыяй Мікалаеўнай, Сабіч Верай Анатольеўнай і інш. Рэдакцыя і друкарня былі тады ў адным калектыве, раздзяліліся яны ў 1977 годзе.
Трапіла я ў рэдакцыю бухгалтарам у 1990 годзе, калі выйшла на пенсію Чаркасава Вольга Рыгораўна. Гэта быў вельмі адказны работнік, які клапаціўся пра парадак у дакументах. Калі ў яе «знікала» капейка, яна не ішла дамоў, пакуль яе не знойдзе. Адна з парад, якія давала мне Вольга Рыгораўна, нярэдка заходзячы ў рэдакцыю: «Ты ўсе свае справы адкладзі, а найперш зрабі тое, аб чым цябе папрасіў рэдактар».
Мы працавалі заўсёды з прыбыткам. Гэта добра, таму што можна было зрабіць выплаты работнікам па калектыўным дагаворы да вяселля, нараджэння дзіцяці, юбілеяў, на набыццё сельгаспрадукцыі і інш. Заработная плата выплачвалася своечасова. У нас прыгожыя і светлыя кабінеты. Усе работнікі аснашчаны камп’ютарамі, дыктафонамі, тэлефонамі.
Па фінансавых паказчыках мы захоўвалі стабільнасць, саступаючы толькі «Мінскай праўдзе», барысаўскаму «Адзінству», «Маладзечанскай газеце» і «Слуцкаму краю». Усе працавалі згуртавана. Змагаліся за тыраж. Журналісты выязджалі на прадпрыемствы, каб аформіць падпіску на газету. Выпісвалі яе і суседзям, і сваякам. Работы было шмат. Прыходзілася спалучаць бухгалтарскія веды з навыкамі эканаміста, кадравіка, юрыста.
У 2015 годзе за ўласныя сродкі набылі аўтамабіль «Рэно-Дастар», які і па гэты час калясіць па нашым раёне. Было прыемна працаваць, бо не было цякучасці кадраў. Лёс звёў мяне з чатырма рэдактарамі. Вялікі дзякуй ім, таму што граматныя рашэнні кіраўніка – гэта залог паспяховай работы галоўнага бухгалтара.
Працавала ў рэдакцыі са сваім земляком Бандаровічам Фёдарам Фёдаравічам. Мы з вёскі Ячнае і жылі недалёка. Гэта творца ад Бога. З ім было лёгка вырашаць усе пытанні, бо ён яшчэ быў прафсаюзным лідарам на працягу доўгага перыяду. У нас была вельмі насычаная культурная праграма, якая з’ядноўвала калектыў. Шмат дзе пабывалі з экскурсіямі. Сустракаліся з калектывамі уздзенскай, дзяржынскай і нясвіжскай рэдакцый. Ездзілі ў Жыровічы, на возера Свіцязь, у Дом міласэрнасці, музеі рэспублікі і г. д.
«Прамень» – гэта маё жыццё. На работу ў рэдакцыю прыйшла ў 1998 годзе і мая дачка Наталля. Хаця яна па адукацыі эканаміст, работа аператара камп’ютарнага набору і вёрсткі яе зацягнула.
Хачу пажадаць нашым ветэранам і калектыву газеты, які абнавіўся амаль на 100 працэнтаў, моцнага здароўя, дабрабыту, міру і шчасця.