Фотарэпарцёр выходзіць на «паляванне»
Мая першая публікацыя ў газеце была зроблена ўвосень 1963 года. Гэта быў рэпартаж аб меліяратарах Гарохавіку і Чычыкайла, якія асушалі балаціну побач з рэчкай Ліўянкай.
У 1966 годзе пачаў працаваць у суседнім, Уздзенскім раёне, у газеце «Чырвоная зорка». Праз год пайшоў у армію і там два гады пад-працоўваў у газеце «Зоркий часовой». Вярнуўшыся, мяне запрасілі ў рэдакцыю «Сцяг Кастрычніка» Дзяржынскага раёна. Праз два гады, калі ў «Прамені» вызвалілася месца фотакарэспандэнта (Міхаіл Пражэнік паехаў у партыйную школу), заняў гэтае месца.
З прыемнасцю ўспамінаю тых, з кім у той час працаваў: Шырко Р. Д., Залескі М. А., Шабан А. Г., Манухін С. І. Самае доўгае супрацоўніцтва было з Фёдарам Бандаровічам. Яму я ўдзячны за патрабавальнасць. Гэта прымушала мяне працаваць яшчэ лепш, прыняць удзел у 94 фотавыстаўках і конкурсах рэспубліканскага і замежнага ўзроўню. Маю больш за 70 дыпломаў. Да іх былі і каштоўныя падарункі. Адным з іх для мяне стаў і набор оптыкі.
Часта рабіў фотакарткі дома, у начны час. Трэба было шчыльна завесіць памяшканне, каб праявіць плёнку, высушыць фотакарткі і раніцай прынесці іх у рэдакцыю.
З 1981 па 1991 год быў начальнікам раённага аддзялення «Саюздруку», але гэта не перашкаджала мне актыўна публікавацца ў раённай газеце «Прамень».
Калі з’явіліся камп’ютары, я ў ліку першых атрымаў лічбавую камеру, мініяцюрны «Алімпус». Так заахвоціла мяне Міністэрства друку за прафесійныя поспехі. На працягу дзясятка гадоў здымаў гэтай камерай. Матэрыял лёг у аснову альбома «Скрыжалі». У цэлым пад маім аўтарствам выйшлі тры фотаальбомы і кніга апавяданняў «Воўкавы віры».
Сябе лічу рэпарцёрам-стралком, які «страляе» наўскідку. Не думаю пра тое, якая там экспазіцыя, а ўбачыўшы сюжэт, яго здымаю.
Да гэтай пары фотаапаратура заўсёды са мной. Цяпер яшчэ і мабільны тэлефон дапамагае рабіць даволі якасныя здымкі. У свой час вёў фотагурток у раённым доме культуры. Да мяне прыходзілі дзеці. Я вельмі шчаслівы, што лёс звязаў мяне з фотажурналістыкай.
Сёння рэальнасцю стала тое, што фактычна кожны журналіст з’яўляецца і фотажурналістам. Фотажурналістыка, на жаль, – ужо жаночая справа.
Радуюся за тое, што робіце вы, «праменеўцы», што ў вас склаўся свой калектыў.
Тое, што яшчэ хачу зрабіць, я ажыццяўляю. У мяне гатовы тры праекты – фотаальбомы, якія чакаюць спонсараў.