Меню

У раённай бальніцы не працуюць ліфты. У чым праблема?

Медицина

Ад жыхароў раёна паступаюць сігналы адносна таго, што ў бальніцы больш за два месяцы не працуюць ліфты. Пажылым людзям, асобам з інваліднасцю, няпроста трапіць да ўрача на трэці, чацвёрты паверхі, хоць ім і аказваюць дапамогу работнікі рэгістратуры.

Рэдакцыя звязалася з намеснікам галоўнага ўрача па гаспадарчай рабоце УАЗ “Стаўбцоўская ЦРБ” Валянцінай Папкоўскай:

— Вядзецца замена чатырох пасажырскіх ліфтоў, якія адслужылі нарматыўны тэрмін эксплуатацыі. Работы вядуцца з канца лістапада 2023 года згодна з графікам. На цяперашні момант завяршаюцца пуска-наладачныя работы. Да канца лютага 2024 года плануем увесці ліфты ў эксплуатацыю, — патлумачыла Валянціна Адамаўна.

Як вядома, функцыі заказчыка на гэтым аб’екце бальніцай былі перададзены дзяржаўнаму прадпрыемству “УКБ Стаўбцоўскага раёна”. Падрадныя работы выконвала спецыялізаваная арганізацыя — прыватнае вытворча-будаўнічае ўнітарнае прадпрыемства “СталіцаЛіфтБуд”.

Дырэктар УКБ Стаўбцоўскага раёна Мікалай Мармузевіч пацвердзіў, што здача аб’екта плануецца ў нарматыўныя тэрміны і знаходзіцца на завяршальнай стадыі. Паколькі ліфты адносяцца да аб’ектаў павышанай небяспекі, то працэс іх рэгістрацыі і ўводу ў эксплуатацыю адбываецца праз Дзяржпрамнагляд Рэспублікі Беларусь.       

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Ксеніі РУБІН   

Рекомендуем