Меню

Гаспадарыў пан з-пад Дудак

Общество

Пра тое, як жылі нашы землякі па абодва бакі савецка-польскай мяжы, як змянілася іх жыццё пасля 1939 года, успамінае Ніна Дубовік.

– Мая маці, Ніна Мікалаеўна Радзіон, нарадзілася ў 1913 годзе, – расказвае Ніна Уладзіміраўна. – Яе бацькі – звычайныя сяляне. Нягледзячы на тое, што ў іх былі і карова, і конь, заможнымі яны не лічыліся, бо зямлі сваёй было мала.

Акрамя маці ў сям’і было яшчэ пяць братоў і сясцёр. Каб усіх адзець ды накарміць, дзеду і бабулі даводзілася працаваць не толькі на сваёй зямлі, але яшчэ і на пана – іншых заробкаў не было.

У нашых краях жыў пан з сям’ёй. Яго маёнтак знаходзіўся каля вёскі Дудкі. Вось да яго і хадзілі. За працу пан разлічваўся не грашыма, а прадуктамі.

«Проша пана»

– Польскія ўлады праводзілі ў Заходняй Беларусі палітыку, накіраваную на знішчэнне этнакультурнай самабытнасці беларускага народа. Асабліва відавочна гэта было ў адукацыйнай сферы.

Палякі выкарыстоўвалі беларусаў як працоўную сілу, граматныя беларусы ім былі не патрэбны. Дастаткова сказаць, што практычна палова насельніцтва была непісьменнай, а вышэйшая адукацыя з’яўлялася недаступнай.

Школы калі і былі,  дык толькі польскія. Да таго ж вучыцца маглі не ўсе. Хто жыў больш заможна, мог дзецям даць адукацыю. Беднякам гэта было недаступна. Бо ў школу трэба і абуць, і апрануць дзіця, а нават не заўсёды хапала на ежу. Да таго ж дзеці дапамагалі зарабляць на жыццё. Дарэчы, у вёсцы ўсе размаўлялі на мясцовым дыялекце, а ў школе вучыліся на польскай мове.

Забягаючы наперад, скажу, што мой бацька Уладзімір Іосіфавіч меў пачатковую адукацыю, а вось мама так і засталася непісьменнай. «Не ўяўляю, як трэба глядзець у кнігу, каб нешта там зразумець», – казала яна. Навучылася мама распісвацца толькі тады, калі выйшла на пенсію.

Як бы ні казалі пра нацыянальную роўнасць, стаўленне да беларусаў у палякаў было грэблівае. Пры сустрэчы з памешчыкам трэба было схіліць галаву, а звяртаючыся да яго, казаць «проша пана».

Дарэчы, сем’ям маіх бацькоў не прапаноўвалі перайсці на польскую веру, бо яны былі простымі беднымі сялянамі.

Дзяцінства, праведзенае парабкам

– Па сутнасці, у тагачасных дзяцей дзяцінства не было. Маму яшчэ ў малалетнім узросце аддалі на служэнне панам.

Спачатку яна выконвала дапаможную працу.  У яе абавязкі ўваходзіла мыццё адзення і посуду. А яшчэ гатавала ежу. Складана сказаць, што маленькая дзяўчынка магла прыгатаваць, магчыма, яна аказвала дапамогу старэйшым на кухні.

Калі мама крыху падрасла, яе прызначылі ў пастушкі. Штораніцы паднімалі на золку і адпраўлялі ў поле пасвіць кароў. Часцей за ўсё басанож. Часам давалі галёшы, а ўвосень даводзілася бегаць за каровамі ў валёнках. З самага дзяцінства памятаю, як маці казала, што ў той час заўсёды хацела спаць. Не есці, а менавіта спаць.

Пазней маму «павысілі» – вызвалілі ад кароў і прызначылі абслугай на панскі двор. Працы было шмат, разлік быў натуральны – зерне, мука, тлушч.

Каб атрымаць свабодны дзень і пайсці дадому да бацькоў, трэба было зрабіць нешта дадаткова, напрыклад, схадзіць у ягады ці грыбы.

Дарэчы, у лес хадзіць без дазволу забаранялася. Нельга было збіраць ягады для ўласных патрэб. Вядома, мясцовыя жыхары гэтае правіла часам парушалі, але калі траплялі панскім прыслужнікам з ляснымі дарамі, то ў іх усё адбіралі, да таго ж маглі і пакараць.

Кармілі ўсіх «парабкоў», так мама называла і сябе, на асобнай кухні, за панскі стол нікога не пускалі.

Праца на пана доўжылася, пакуль не прыйшла савецкая ўлада.

Дабрыня – назаўжды

– Бацька з мамай сябравалі тры гады. Мама была прыгажуняй, аднак яна з’яўлялася звычайным парабкам у пана. А бацька быў кавалём. Па тым часе гэтая праца высока цанілася. Усе думалі, што ён знойдзе сабе багатую нявесту. Аднак бацька выбраў маму – не за багацце і прыгажосць, а за дабрыню.

Калі прыйшла савецкая ўлада, бацькі ў ліку першых уступілі ў калгас.

Тады думалі, што жыццё наладжваецца, але пачалася Вялікая Айчынная вайна.

Я памятаю, калі бацька ішоў на фронт, мама садзілася ў цягнік, каб яго правесці.

Пасля Вялікай Перамогі бацька вярнуўся, і яны з мамай ніколі больш не расставаліся надоўга.

Бацькі шмат працавалі, але пры гэтым добра жылі.

Мама заўсёды казала, што савецкі перыяд часу – самы лепшы. Зразумела, пасля вайны даводзілася не салодка не толькі дарослым, але і дзецям. Аднак бацькі лічылі, што цяжкія дні ўпрыгожваюць добрыя людзі навокал. Суседзі жылі дружна і цікава, а самае галоўнае – ні ад кога не залежалі.

Бацькі вучылі нас, што чалавек павінен пакінуць нешта пасля сябе. Мой жыццёвы прынцып – у наступных словах: «Прыгажосць не вечная, а дабрыня – назаўжды».

Фота з архіва Ніны ДУБОВІК

Накіруйце камеру смартфона на QR-код і паглядзіце інтэрв’ю з Нінай Дубовік у відэафармаце:

Рекомендуем