Прапануем вам калекцыю герояў публікацый нашай газеты 40-гадовай даўніны і «праменеўцаў» розных пакаленняў
Усе здымкі – работы аднаго аўтара, Міхаіла Мазура.
Міхаіл Уладзіміравіч – наш былы калега. Многія на Стаўбцоўшчыне яго добра ведаюць і як грамадскага актывіста, які пэўны час узначальваў раённае таварыства інвалідаў, раённую арганізацыю камуністаў.
У рэдакцыю «Праменя» Міхаіл Мазур трапіў у маі 1981 года.
– Вызвалілася месца, і тадышні рэдактар Петрашкевіч Часлаў Вікенцьевіч запрасіў мяне фотакарэспандэнтам. Да гэтага быў пазаштатным фотакорам. Хадзіў у арганізацыі, рабіў фотаздымкі на першую паласу. Ездзіў на вучобу. Шмат публікаваўся, – прыгадвае Міхаіл Уладзіміравіч.
Вось што ён расказвае пра сваю працу ў рэдакцыі: «Сабраў вялікі архіў, з дапамогай якога было прасцей ілюстраваць газету. Прыходзілася і тэкстоўкі пісаць, і на раён выязджаць для фотаздымкаў. Яшчэ праблема была з фоталабараторыяй. Адразу яна знаходзілася ў падвале друкарні, дзе было сыра, потым – у качагарцы гарсавета, пазней – у санвузле гэтай установы. У апошнім выпадку мяне ўсё задавольвала. Там была праточная вада, стаялі стол, сейф, шафа. І ў рэдакцыі ў мяне было сваё месца, дзе пісаў тэксты. У кабінеце працаваў побач з Сяргеем Манухіным і Іванам Івашкам.
Перад паездкай на раён заўсёды праглядаў свой альбом, у якім збіраў выразкі з газет, матэрыялы з фотавыставак. Вывучаў, як фатаграфуюць іншыя, у якіх ракурсах. Таму ўжо меў уяўленне, як мне таго ці іншага работніка паставіць, надаць яго вобліку вытворчае адценне, бо часта нас, газетчыкаў, крытыкавалі за партрэты.
У той час было так: фатаграфуеш, потым клішэ вязеш у г. Мінск ці адсылаеш па пошце, а калі яно вернецца, матэрыял ужо можа страціць актуальнасць. Раней і якасць друку газеты была дрэннай. Оптыка на фотаапараце была самай простай, аматарскай. Працаваў звычайным «Зенітам». Фотаплёнкі хапала. Часта бывала, што з’ездзіш на раён, нафатаграфуеш, але не паспееш разабрацца з гэтым, як трэба ізноў на раён. Пастаянна неабходны былі свежыя фотаздымкі, запас, асабліва калі супрацоўнікі ішлі ў водпускі. Мне пашчасціла, што ніводнага разу нікога не паблытаў у подпісе. У асноўным здымаў заслужаных людзей, якія былі занесены на Дошку гонару, узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Мяне вучыў Ч. В. Петрашкевіч, што заўсёды трэба цікавіцца біяграфіяй таго, каго здымаеш, каб на старонкі газеты не трапіў чалавек з дрэннай рэпутацыяй.
На раён часта ездзілі разам з карэспандэнтамі «Сельскай газеты», «Мінскай праўды». Машыну выдзялялі розныя арганізацыі, да прыкладу інспекцыя па ахове прыроды, райкам камсамола і інш. У рэдакцыі таксама быў уазік.
Мы стараліся праўдзіва і ўсебакова асвятляць жыццё раёна. Заўсёды падкрэслівалі, расказваючы пра герояў сваіх публікацый, іх партыйную прыналежнасць. Раней у газеце была старонка народнага кантролю. Яе вёў Р. Д. Шырко. Рабілі крытычныя матэрыялы з гаспадарак, дзе тэхніка дрэнна пастаўлена на захоўванне, і інш.
Жадаю «Праменю» заўсёды быць на плыні часу, асвятляць падзеі ўсебакова і праўдзіва».
Герой Сацыялістычнай Працы, звеннявы па вырошчванні бульбы калгаса «Чырвоная зорка» Р. Л. Ваньковіч, 1985 год