І настаўнік, і псіхолаг, і выхавацель
Ірына Шакель у дзяцінстве хацела быць перакладчыцай або вучыць дзяцей у школе.
І вось 1 верасня мінулага года яна прыйшла на ўрок, але толькі ўжо ў якасці настаўніцы. Яе па размеркаванні накіравалі ў Вішнявецкую СШ, дзе яна выкладае хімію і біялогію.
Нягледзячы на хваляванне, у першыя працоўныя дні дзяўчына лёгка знайшла падыход да вучняў. Хутка і ўпэўнена ўлілася ў педагагічны калектыў.
Усе дапамагаюць адаптавацца, вырашаць любыя пытанні. Ва ўсім і заўсёды падстаўляе плячо маладому спецыялісту і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Галіна Любавецкая.
Ірына Аляксандраўна не толькі выкладае ўрокі хіміі і біялогіі ў 5–11 класах, але і з’яўляецца класным кіраўніком пятага класа. Кажа, нялёгка, да дзяцей трэба знайсці падыход, захапіць і зацікавіць іх. Тут трэба быць і псіхолагам, і сябрам, і выхавацелем. Па-іншаму ніяк.
– На ўроках даводзіцца імправізаваць, праяўляць творчасць, а часам прыводзіць прыклады з рэальнага жыцця з праглядам відэаролікаў, – адзначае Ірына Шакель. – У дапамогу таксама наглядны і дэманстрацыйны матэрыял.
Педагог добрасумленна рыхтуецца да ўсіх мерапрыемстваў і ўрокаў, радуецца поспехам сваіх вучняў. Абавязкова свой урок пачынае з усмешкі, каб стварыць спрыяльную атмасферу ў класе.
Прызнаецца, што работа настаўніка забірае шмат сіл, фізічных і маральных. Важна знайсці сваю крыніцу падзарадкі. Для яе гэта захапленне мастацтвам – наведванне тэатраў, музеяў, кінатэатраў і інш. Вялікую падтрымку аказваюць родныя і блізкія. А часам, каб абстрагавацца, дзяўчына проста спявае для душы.
Іна ГАПАНОВІЧ, фота аўтара