Меню

Імкнуцца да дзевяцітысячнай вяршыні. Даведаліся ў ТАА «СЖК «Налібакі», як дасягнулі высокага рэйтынгу сярод калег у раёне

Общество

У топ-10  калектываў малочнатаварных фермаў – і працаўнікі МТФ «Цэнтр» ТАА «СЖК «Налібакі».

Жывёлаводы гэтага вытворчага падраздзялення маюць даволі высокі рэйтынг сярод калег у раёне і трымаюць планку на працягу не аднаго дзесяцігоддзя. Адзінаццаць гадоў кіруе дружным і зладжаным калектывам Ірына Жвірбля, а агульны працоўны стаж жанчыны ў жывёлагадоўчай галіне налічвае больш за тры дзесяцігоддзі. За высокія паказчыкі ў рабоце яна была неаднойчы адзначана  граматамі і падзякамі, прымала ўдзел у раённых святах працы. Ірына Мар’янаўна мае сярэднюю спецыяльную адукацыю, па прафесіі яна ветфельчар. Скончыла і курсы тэхнікаў-асемянатараў, таму паспяхова замяняе гэтага спецыяліста, калі ёсць патрэба. А тэхнікам па штучным асемяненні рупіцца тут Валянціна Мусік, неаднаразовы пераможца і прызёр конкурсу сярод спецыялістаў гэтай прафесіі. Валянціна Іосіфаўна доўгі час працавала аператарам машыннага даення, ёй адной з першых у раёне пакарыўся дзесяцітысячны рубеж па надоях малака ад каровы.

На ферме прывязное ўтрыманне дойнага статка, які налічвае 300 кароў. Усё пагалоўе складае звыш тысячы. Паказчыкі маюць высокія таму, што на ўзроўні вядзецца селекцыйна-племянная работа і розных відаў кармоў заўсёды дастаткова. У рацыёне, дарэчы, прысутнічае і морква. Раздаюць кармы кормараздатчыкам.

Але канчатковы вынік, безумоўна, залежыць ад людзей, ад іх адносін да работы. Працуюць пяць аператараў машыннага даення. Сярод іх – вопытныя  Валерыя Ахоцінская і Святлана Бабрыковіч, якія з пачатку года маюць паказчыкі адпаведна 9224 і 8570 кілаграмаў. Кіраўніцтва таварыства неаднаразова адзначала іх рупнасць падзякамі і падарункамі. Слесарам па малочным абсталяванні працуе Міхаіл Стрыжак. Брыгадзір задаволена работай жывёлаводаў Валерыя Журко і Яўгенія Каткаўца. Добрасумленна працуе цялятніца Вольга Шыбук, якая завіхаецца ў пабудаваным новым прафілакторыі, уведзеным у строй дзеючых на пачатку восені. Плённа шчыруе жывёлавод Галіна Доўнар, якая корміць бычкоў.

Вызначаюцца стараннасцю дзённыя дзяжурныя Наталля Пракаповіч і Людміла Трыпуць. У ліку іх абавязкаў –выпусціць кароў на прагулку, падмесці падлогу і пасыпаць яе апілкамі. Уносіць пасільны ўклад у агульную справу калектыву начны вартаўнік Надзея Васільева.

– Калектыў у нас падабраўся неблагі, жывёлаводы прыходзяць на працу своечасова і робяць яе  сумленна, – сказала Ірына Жвірбля. – Работа нялёгкая, і часам узнікаюць праблемы, але ўсе пытанні вырашальныя.

На ферме не хапае жывёлаводаў, і гэта праблема кіраўніцтва не толькі гэтай гаспадаркі. Робяцца адпаведныя захады для таго, каб прыцягнуць людзей на працу. У прыватнасці, будуецца жыллё. Нядаўна ў гаспадарку прыехалі пяць сем’яў. Папоўніўся штат і на МТФ «Цэнтр». Брыгадзіру цяпер стане лягчэй, бо калі хто з працаўнікоў хварэе і няма кім яго замяніць, тады прыходзіцца і самой брацца за справу. Ірына Мар’янаўна не цураецца ніякай работы, бо яна чалавек старой загартоўкі: трэба зрабіць – значыць, так таму і быць. А палове пятай раніцы ў брыгадзіра пад’ём. Да такога распарадку жанчына ўжо прывыкла. Зімою ходзіць на работу пешшу. У вясенне-асенні перыяд дабіраецца на электрасамакаце. Гаворыць, што вельмі зручная для яе гэтая тэхніка, якую хутка асвоіла. З такім аўтарытэтным і вопытным брыгадзірам у жывёлаводаў і работа ідзе спорна.

Па выніках працы за 11 месяцаў бягучага года старанныя работнікі фермы ўжо перавысілі васьмітысячны рубеж па надоях малака

ў сярэднім ад кожнай каровы.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара

Рекомендуем