Ініцыятыва і да Афрыкі давядзе. У Стаўбцоўскім мясакансервавым камбінаце адкрылі новы аб’ект
Стаўбцоўскім мясакансервавым камбінатам укладзена ў 2023 годзе больш за тры мільёны рублёў інвестыцый, створаны тры новыя рабочыя месцы, і іх колькасць у перспектыве будзе расці
Год якасці на прадпрыемстве пачынаецца з прыемнай навіны: уведзены ў эксплуатацыю новы сучасны аб’ект, пабудаваны камбінатам за ўласныя сродкі.
Гэта склад з маразільнай камерай на 25 тон, дзе ўпакоўваюцца і захоўваюцца субпрадукты і паўфабрыкаты.
Ужо сёння тут рыхтуецца да адгрузкі ў Рэспубліку Гана партыя субпрадуктаў. Упакоўваюцца яны ў гафраскрыні. Кожная скрыня мае дакладную вагу – 20 кг. Такое патрабаванне заказчыка з афрыканскага кантынента, з якім заключаны дагавор і ўжо атрымана папярэдняя аплата.
Начальнік вытворчасці Наталля Падсадная рыхтуе этыкеткі для прадукцыі, якая адгружаецца на экспарт
«За змену ўпакоўваем больш за дзве тоны прадукцыі», – гаворыць начальнік вытворчасці Наталля Падсадная і тлумачыць, што менавіта павелічэннем аб’ёмаў вытворчасці і была выклікана патрэба ў пашырэнні плошчаў для захоўвання прадукцыі.
У новым складскім памяшканні зманціравана нізкатэмпературная (мінус 20 0С і ніжэй) маразільная камера, у якую можна змясціць адразу 25 тон субпрадуктаў і паўфабрыкатаў. Таксама набыты электронныя вагі і стрэпінг-машына для абвязкі скрынь, машына для вакуумнай упакоўкі.
«У найбліжэйшай перспектыве ўстановім яшчэ абсталяванне для ўпакоўкі імпартазамяшчальнай прадукцыі – паўфабрыкату для кармлення жывёлы. Сёння выпускаем яго каля 10 тон у месяц і адгружаем у вагавым выглядзе. Плануем пачаць фасоўку ў абалонку», – дзеліцца планамі дырэктар камбіната Рамуальда Бурдукевіч.
Расфасоўшчыцы мясапрадуктаў Наталля Гушчонак і Паліна Турко, грузчык Дзмітрый Гацура
Знаёмімся з расфасоўшчыцамі мясапрадуктаў Наталляй Гушчонак і Палінай Турко, якія працуюць на новым аб’екце.
«Спадзяёмся на перспектыву, добрую заработную плату», – кажуць работніцы.
Высвятляецца, што ў іх – першы рабочы дзень на новым працоўным месцы. Раней абедзве жанчыны працавалі ў сістэме спажывецкай кааперацыі.
Разам з расфасоўшчыцамі ўвіхаецца грузчык участка «Халадзільнік» Дзмітрый Гацура. Скрыні з экспартнымі субпрадуктамі ён спачатку накіроўвае на абвязку, а потым перавозіць у маразільную камеру.
Працэс упакоўкі ног ялавічных у гафраскрыні
«Работа прывычная», – з усмешкай заўважае Дзмітрый.
З камбінатам было звязана і жыццё матулі Дзмітрыя – ветэрана працы Валянціны Шчэцька. Ён, да таго ж, з’яўляецца бацькам чацвярых дзяцей. Яго сям’я жыве ў вёсцы Яблынаўка, трымае вялікую гаспадарку.
Работа ў мясаперапрацоўшчыкаў складаная, але вельмі патрэбная, таму што гарантуе харчовую бяспеку краіны. Больш таго, гэтая прадукцыя вядомая і далёка за межамі рэспублікі. Да прыкладу, у Кітаі, Кіргізіі, Грузіі, Казахстане, Расіі, а з нядаўніх пор – і ў Рэспубліцы Гана.
У Год якасці стаўбцоўскія вытворцы працуюць не толькі над пашырэннем рынкаў збыту, але і над прывядзеннем у адпаведнасць усіх вытворчых і санітарна-бытавых параметраў.
На новы склад з маразільнай камерай, дзе ўпакоўваюцца і захоўваюцца субпрадукты і паўфабрыкаты, выдаткаваны адзін мільён рублёў
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара