Кампенсацыя — пасля атэстацыі. У раённым Цэнтры культуры адбыўся семінар «Парадак правядзення атэстацыі рабочых месцаў па ўмовах працы»
У раённым Цэнтры культуры адбыўся міжрэгіянальны семінар на тэму «Парадак правядзення атэстацыі рабочых месцаў па ўмовах працы».
У яго рабоце прынялі ўдзел кіраўнікі і спецыялісты па ахове працы прадпрыемстваў пяці раёнаў Мінскай вобласці — Капыльскага, Нясвіжскага, Клецкага, Уздзенскага і Стаўбцоўскага, якія падлягаюць праходжанню атэстацыі на працоўных месцах.
Адкрыла мерапрыемства начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Стаўбцоўскага райвыканкама Вольга Навіцкая, якая, у прыватнасці, адзначыла, што сёлета колькасць няшчасных выпадкаў на прадпрыемствах нашага раёна зменшылася ў два разы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. І падкрэсліла, што кіраўнікі абавязаны забяспечваць на кожным працоўным месцы адпаведныя ўмовы працы, прымаць неабходныя меры па забеспячэнні захаванасці жыцця і здароўя работнікаў падчас іх працоўнай дзейнасці.
Аб парадку правядзення атэстацыі працоўных месцаў расказала начальнік упраўлення дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы і аховы працы Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама Аксана Кавалёва.
У рамках семінара абмяркоўваліся перыядычнасць правядзення атэстацыі працоўных месцаў па ўмовах працы, выпадкі і тэрміны правядзення пазачарговай атэстацыі і атэстацыі на наноў створаных працоўных месцах, віды кампенсацый работнікам па выніках атэстацыі, адказнасць за парушэнні заканадаўства ў сферы атэстацыі працоўных месцаў па ўмовах працы. Разгледжаны асноўныя парушэнні заканадаўства аб ахове працы пры правядзенні наглядных мерапрыемстваў, пра якія расказаў начальнік Стаўбцоўскага міжраённага аддзела Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Сяргей Паўчанец. Вялася размова аб арганізацыі правядзення вытворчага кантролю за выкананнем санітарных правілаў. Указвалася на неабходнасць правядзення абавязковых медыцынскіх аглядаў.
Прысутныя абмяняліся вопытам і атрымалі неабходную для работы інфармацыю.
У фае раённага Цэнтра культуры была арганізавана выстаўка спецадзення.
Удзельнікам семінара быў прадэманстраваны відэаролік пра Стаўбцоўскі раён.
Надзея БАТАЛКА, фота аўтара