Меню

Лечыць нават добрым словам. Даведаліся, як у Кляцішчанскім ФАПе Людміла Дошчачка дапамагае людзям

Общество

На Стаўбцоўшчыне 14 фельчарска-акушэрскіх пунктаў, і ўсе яны прыведзены ў адпаведнасць санітарным нормам і правілам. Сярод іх – Кляцішчанскі ФАП, які, можна сказаць, атрымаў другое жыццё.

І сапраўды, рамонт бачны ўжо з вуліцы – новыя дарожка, фасад і вокны. Унутры таксама абнавілі падлогу і сцены, палажылі лінолеум, закупілі мэблю. А яшчэ набылі новае медыцынскае абсталяванне. Акрамя бюджэтных сродкаў шмат чым дапамагала ТАА «СЖК «Налібакі».

Падчас нашага візіту на ФАПе было шматлюдна. Адзін за адным ішлі пацыенты, аднак не толькі па дапамогу. Жыхары вёскі актыўна дзяліліся сваімі думкамі аб медыцыне ў вёсцы, прычым гаварылі не толькі аб рамонце.

Дарэчы, меркаванні вяскоўцаў аб рабоце ФАПа – выключна станоўчыя. Тут не толькі змераюць ціск і тэмпературу, возьмуць аналізы.  Няма ніякіх перашкод у жыхароў Кляцішча і бліжэйшых вёсак для таго, каб зрабіць прышчэпкі, у тым ліку супраць грыпу. Тут заўсёды ёсць неабходныя медпрэпараты для аказання неадкладнай дапамогі. Праводзяць на ФАПе і агляд здароўя жанчын.

Да паслуг вяскоўцаў – і перасоўны медыцынскі комплекс, які прыязджае кожны панядзелак. Ён абсталяваны ўсім неабходным для аказання неадкладнай даўрачэбнай дапамогі, правядзення дыспансерызацыі. Да таго ж у трэці чацвер месяца вядзе прыём урач агульнай практыкі з Цясноўскай амбулаторыі, прыязджаюць і вузкія спецыялісты.

Патрэбна ін’екцыя? Прыходзьце

Людміла Дошчачка сумяшчае пасаду акушэркі Налібацкай амбулаторыі і загадчыцы Кляцішчанскага ФАПа. У дапамогу ёй – санітарка Алена Капціловіч.

– Любое пытанне са здароўем мясцовыя жыхары пачынаюць вырашаць з паходу на ФАП ці са званка, – кажа Людміла Дошчачка. – Большасць з іх звяртаецца падчас абвастрэння хранічных захворванняў. Прыходзяць і тыя, каму патрэбна зрабіць ін’екцыю. Атрымліваюць назначэнне вузкапрофільнага доктара ў райцэнтры, а лечацца па месцы жыхарства.

Калі хтосьці па стане здароўя не можа наведацца на ФАП, медык сама накіроўваецца да хворага, робіць агляд і, калі трэба, выклікае хуткую дапамогу.

– У нашай аптэцы ёсць заўжды самае неабходнае з медыкаментаў, – расказвае  загадчыца. – Калі людзям патрэбна штосьці іншае, яны мне абавязкова патэлефануюць і скажуць. Усе заказы будуць выкананы.

Дарэчы, акрамя жыхароў Кляцішча  тут абслугоўваецца яшчэ і насельніцтва Церабейнага і Прудоў. Усяго 332 чалавекі.  Самыя частыя пацыенты – гэта людзі пасля 55 гадоў. Асабліва выдзяляе вясковы медык сваіх маленькіх пацыентаў. Іх у Людмілы Іванаўны цяпер 18, у тым ліку двое малышоў да трох гадоў.

У медыцыне – больш за 30 гадоў

Між тым ад размовы пра работу пераходзім да асабістага.

Высвятляецца, што Людміла Іванаўна працуе ў медыцыне з 1989 года. Яна родам з суседняй вёскі Церабейнае. Пасля вучобы ў медыцынскім каледжы вярнулася на малую радзіму. Цяпер жыве ў Налібаках.

З гонарам Людміла Дошчачка расказвае пра сваіх сыноў, якіх у жанчыны трое.  Двое старэйшых ужо працуюць. Меншы па накіраванні базавай гаспадаркі атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце.

Размаўляючы з Людмілай Іванаўнай, разумееш, што яна  любіць сваю работу, з павагай і ўвагай адносіцца да кожнага пацыента.

– З задавальненнем езджу ў Кляцішча, – кажа Людміла Дошчачка. –  Тут жывуць добразычлівыя людзі. Праўда, яны  прыходзяць да мяне не толькі са сваімі хваробамі, але і з жаданнем расказаць пра тое, што іх турбуе. Вельмі прыемна, што людзі мне давяраюць.

Сапраўды, нягледзячы на тое, што рабочы дзень у Людмілы Іванаўны нарміраваны,  яна нікому  не адмаўляе ў медыцынскай дапамозе ці парадзе і ў непрацоўны час.

Людміла Дошчачка кажа, што тыя моманты, калі яна дапамагла аблягчыць боль, падтрымала маральна ці нават угаварыла абследавацца больш дасканала, з’яўляюцца пацвярджэннем правільнага выбару прафесіі.

Вяскоўцы падзяліліся сваімі думкамі пра работу Кляцішчанскага ФАПа:

Тэрэза САЛАЦКАЯ:

– У мінулым годзе зрабілі добры рамонт на ФАПе. Цяпер сюды прыемна прыходзіць.  Ведаю, што дапамагла гаспадарка, за што ёй дзякуй. Не трэба нікуды ехаць, ды і наш медык добра ведае балячкі кожнага жыхара.

Ніна ГАСАК:

– Людміла Іванаўна Дошчачка – малайчына, нізкі ёй паклон! Ніколі не заставаліся мы без лекаў, дапамогі і яе добрага слова. Аднак хацелася б, каб быў работнік, які заўсёды на месцы, а таксама каб  часцей прыязджалі вузкія спецыялісты.

Яніна КАСЦЕНЬ:

– Хоць у вёсцы медыцынскі пункт і працуе два разы на тыдзень, але гэта лепш, чым яго не было б увогуле. Вось у мяне ціск падняўся, дзесяць хвілін на дарогу – і я на прыёме. Людміла Іванаўна Дошчачка заўсёды дапаможа.

Алена ГАМЗА

Фота Іны ГАПАНОВІЧ

Рекомендуем