Любіць – значыць дзейнічаць. Пагутарылі з прыемнай маці аб жаночым шчасці

Многія, хто знаёмы са стаўбчанкай Таццянай Каспяровіч, хацелі б хоць крышачку быць падобнымі да яе
Гэта жанчына з моцным характарам і вялікім сэрцам. Па сутнасці Таццяна – лакаматыў, які цягне за сабой, наперад, і ўрэшце рэшт вывозіць на патрэбную бяспечную станцыю. У жыцці гэта праяўляецца праз лёсы блізкіх людзей і чужых, з якімі зводзіць лёс і якія таксама становяцца блізкімі.
Цяпер у яе на выхаванні 13-гадовы Мікалай, бацькі якога пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Падлетак ходзіць у школу, займаецца ў футбольнай секцыі і марыць стаць спартсменам.
– Колю мы прынялі ўсёй сям’ёй – і дарослыя, і дзеці. Дзеці яго абажаюць, – кажа Таццяна Каспяровіч, маючы на ўвазе мужа і дарослых дачок з унукамі. Апошнія жывуць асобна, але ўсе – побач, у Стоўбцах.
Дарэчы, унукаў у Таццяны Валянцінаўны і яе мужа Васіля Васільевіча – пяцёра, дачок – трое. Яны нарадзілі дзвюх і выгадавалі з маленства яшчэ дзвюх дзяўчынак, Наташу і Жэню, Жэню – удачарылі.
У жыцці і ў сям’і бывае рознае, але Таццяна заўсёды слухала голас разважлівасці. Сёння Наташы ўжо 21 год. Жэні ў красавіку споўніцца 19. Абедзве закончылі каледжы. Працуюць у нашым горадзе.
Калі дзяўчаты выйшлі ў людзі, жанчына працаўладкавалася ў тэрытарыяльны цэнтр. Вяла там гурток для пажылых людзей. Даспадобы ёй быў гэты занятак.
Але ў пачатку мінулага года, фактычна пасля трохгадовага перапынку, яна вярнулася да прыёмнага бацькоўства. Узяла на выхаванне двух хлопчыкаў-братоў.
«Адразу вагалася, не ведала, якое прыняць рашэнне, – прызнаецца Таццяна Валянцінаўна. – Але дочкі падтрымалі».
Так у сям’і Каспяровічаў з’явіліся Мікалай і шасцігадовы Арцём. Праўда, Арцёма праз некалькі месяцаў усынавілі. Мікалай – не адзін, і асабліва весела бывае ў выхадныя дні, калі да бабулі з дзядулем прыязджаюць унукі і ў іх не абыходзіцца без гульні ў «кватэрны футбол».
Маючы 14-гадовы вопыт работы з прыёмнымі дзецьмі, Таццяна Каспяровіч кажа: «З Колем мне лёгка. У яго добры характар».
На Новы год Коля атрымаў у падарунак мабільны тэлефон. Усе разам выбіралі яго, заказвалі. Для хлопца была такая радасць! Калі я наведвала гэтую сям’ю, то ў Коліным пакоі, як і паўсюдна ў кватэры, адчуваўся святочны настрой. Міргалі гірлянды, вабілі вока ўпрыгажэнні на сценах і палічках…
Гэты «эксклюзіўчык» Таццяна Каспяровіч стварае сваімі рукамі (навыкі засталіся ад работы ў тэрытарыяльным цэнтры) і пры жаданні дае творчыя ўрокі іншым сямейнікам. Каб разумець, што кожны з нас здольны пры жаданні на многае, скажу, што Таццяна Валянцінаўна па прафесіі – прадавец.
У 2020 годзе ёй давялося цяжка перахварэць на кавід. Аднаўленне было такім, што наноў вучылася дыхаць, хадзіць, жыць… Ад яе ўвесь час не адыходзілі дзеці і муж.
«Шмат працавала над сваім здароўем і працягваю гэта рабіць. Дыхальная гімнастыка, трэнажор, прагулкі… – дзеліцца Таццяна Каспяровіч. – Хачу паехаць на мора. Мару пабудаваць свой дом. Кажуць, што яго прастора спрыяе даўгалеццю. З мужам мы разам 33 гады, і наша каханне з кожным годам толькі мацнее. Цяпер, калі ў сям’і ёсць сын Мікалай, разумею, дзеля чаго пакінуў мяне на гэтым свеце Бог».
Ад сябе хачу выказаць захапленне прыёмнымі бацькамі, якія выконваюць у нашым грамадстве вельмі важную работу. Магчыма, нехта на гэта хмыкне: «А ім не трэба нікуды ісці, работа непасрэдна дома!..» Не забывайце, што гэтая работа – у рэжыме 24/7, за адносна невялікую зарплату. Не кожны здольны на такое, бо важна не толькі накарміць і абагрэць дзіця, але і прывіць яму здаровыя звычкі, выхаваць яго добрым чалавекам.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара