Марыў аб «службе ў пагонах». Майстар-выратавальнік Мікіта Таўстуха абраў шлях у РАНС
Майстар-выратавальнік Мікіта Таўстуха ў аддзеле працуе тры гады і плануе працягваць абараняць жыцці.
Малады чалавек нават не ўяўляў, што стане выратавальнікам, але марыў насіць пагоны. Пасля службы ў арміі юнаку прапанавалі пасаду дыспетчара цэнтра аператыўнага кіравання ў РАНС. Так Мікіта далучыўся да высакароднай прафесіі. Праз некаторы час яго перавялі ў асабовы склад, дзе ён убачыў службу з іншага боку.
За адпрацаваны час малады чалавек паспеў упэўніцца, наколькі хуткацечны чалавечы шлях. З яго ўдзелам быў выратаваны з вогнішча не адзін жыхар раёна, транспарціраваны пасажыры з аўтамабіляў падчас ДТЗ, знойдзены зніклыя людзі.
– Немагчыма глядзець на чужую бяду з абыякавасцю, – гаворыць майстар-выратавальнік. – У надзвычайных сітуацыях страх змяняецца на рашучасць, бо ад нашай аператыўнасці залежыць многае.
Аб выбары прафесіі малады чалавек не шкадуе. А наадварот, прызнаецца, што такі мужчынскі занятак загартоўвае характар і выхоўвае вытрымку. «Мы штотыдзень трэніруемся, вучымся змагацца з рознымі стыхіямі», – расказвае Мікіта пра фізічную падрыхтоўку байцоў. Акрамя заняткаў падчас службы хлопец трэніруецца і дома. Гантэлі, гіры, штанга… У цёплае надвор’е ён займаецца спортам на варкаўт-пляцоўках у Стоўбцах, гарадскім стадыёне.
Знаходзіць вольны час 25-гадовы баец і для інтэлектуальнага развіцця. Ён прызнаецца, што з узростам цяга да літаратуры ўзрасла. Чытае розных аўтараў – ад Льва Талстога да Дэйла Карнегі.
На працоўным месцы малады чалавек задаволены і калектывам, і заработнай платай. «І галоўнае, што месца працы – у родных Стоўбцах, – дадае Мікіта. – Райцэнтр з кожным годам мяняецца, становіцца больш сучасным, маладзёжным. Тут можна працаваць, зарабляць, адпачываць. І не трэба траціць вялікія грошы на здымную кватэру, як, напрыклад, у сталіцы».
У родным горадзе майстар-выратавальнік сустрэў і будучую жонку. Маладая пара здымае кватэру, але спадзяецца атрымаць арэнднае жыллё, а ў перспектыве набыць і сваё. У хуткім часе Мікіта і Дар’я стануць бацькамі першынца.
У планах Мікіты Таўстухі не толькі праца, сям’я, але і далейшая вучоба. Ён плануе паступіць завочна ва Універсітэт грамадзянскай абароны МНС і працягваць прафесійнае развіццё.
Ксенія РУБІН, фота аўтара