«На нагах з самай раніцы». Паглядзелі, як у Стоўбцах спраўляюцца з нечаканым снегападам
Камунальныя і дарожныя службы пачалі сёння работу ў чатыры раніцы.
На ачыстку вуліц і дарог ад снегу выехала тэхніка і выйшлі з шуфлямі работнікі.
Ужо да васьмі гадзін, як стаўбчанам трэба на работу, цэнтральныя вуліцы і тратуарныя дарожкі былі пачышчаны. «Працуюць два аўтамабілі МАЗ і два трактары, пагрузчык. Сем работнікаў чысцяць пешаходныя пераходы, 11 — тэрыторыі ў дварах», — расказала майстар Стаўбцоўскага АКС Алена Фінагенава.
На дарогах, якія абслугоўвае ДРБУ № 135, працуюць чатыры аўтамабілі МАЗ, дзевяць трактароў МТЗ, таксама задзейнічаны чатыры грэйдары і тры пагрузчыкі.
«У першую чаргу ачышчаем і апрацоўваем супрацьгалалёднымі матэрыяламі дарогі, па якіх рухаюцца маршрутныя і школьныя аўтобусы», — заўважае галоўны інжынер Вадзім Калпак.
У камунальнай і дарожнай службах сцвярджаюць, што гэтай тэхнікі дастаткова, як і запасу пясчана-салянай сумесі.
Сіноптыкі абяцаюць, што гэтыя снегапады не будуць працяглымі, а ў другой палове тыдня нас чакаюць плюсавыя тэмпературы.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара