Начальнік РАНС Андрэй Герасіменка: «У прыярытэце — клопат пра кожнага супрацоўніка»
Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях не адзін год паказвае прыклад не толькі зладжанай працы калектыву, але і асабістага клопату пра кожнага супрацоўніка.
Камфортныя ўмовы работы для кіраўніцтва РАНС у прыярытэце. Каб іх палепшыць, летась у райаддзеле пачаўся капітальны рамонт.
На службу – як на адпачынак
– Нашы супрацоўнікі большасць часу праводзяць на рабоце, – гаворыць начальнік РАНС Андрэй Герасіменка. – Неабходна задаволіць патрэбы кожнага з іх, каб яны атрымлівалі асалоду ад праведзенага часу на працоўным месцы. Маецца на ўвазе наяўнасць месца для якаснай працы, заняткаў спортам, адпачынку. Мы стараемся максімальна стварыць такія ўмовы.
Да абласнога свята «Дажынкі» ў райаддзеле прывялі ў належны стан знешні выгляд будынка. На працягу года ідзе рамонт бытавых і санітарных памяшканняў РАНС. Калідоры ўжо з абноўленым іміджам, светлыя і ўтульныя. Астатнія работы таксама на фінішнай прамой. Да канца зімы ўсе памяшканні пераўтворацца ў сучасныя, з новай мэбляй і якаснай тэхнікай.
Важна і тое, з чым працуюць выратавальнікі. Таму абноўлена тэхнічная база. У кожным падраздзяленні ёсць сучаснае пажарна-тэхнічнае абсталяванне.
Пажарная абстаноўка – на кантролі
Галоўнай задачай выратальнікаў застаецца зніжэнне колькасці надзвычайных сітуацый у раёне. «У мінулым годзе спрацавалі нядрэнна, выратавалі дзясяткі жыццяў, – адзначае Андрэй Сцяпанавіч. – Кожны баец, які меў да гэтага дачыненне, атрымаў сваю ўзнагароду».
Цяпер пажарнае становішча ў раёне знаходзіцца пад кантролем 67 чалавек асабовага складу. У параўнанні з мінулымі гадамі колькасць пажараў знізілася: у 2023 годзе іх зарэгістравана 59, у 2022-м – 71. На жаль, ёсць ахвяры. Часцей за ўсё праблема ў неасцярожным абыходжанні з агнём. Летась ад агню ў Стаўбцоўскім раёне загінулі дзевяць чалавек.
Асаблівая ўвага – адзінокім і састарэлым
Не менш важнай застаецца прафілактыка пажараў і гібелі на іх. Сёлета асаблівую ўвагу супрацоўнікі райаддзела ўдзялілі адзінокім і састарэлым грамадзянам, шматдзетным сем’ям і тым, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Дамы гэтай катэгорыі праверылі. Падрыхтавалі інфармацыйныя лісты, правялі інструктаж па захаванні нормаў і патрабаванняў пажарнай бяспекі, прывялі прыклады няшчасных выпадкаў.
На супрацьпажарныя мерапрыемствы выдзелілі каля 40 тысяч рублёў. На гэтыя сродкі ў 225 дамах правялі рамонт печаў, электраправодкі, устанавілі 500 аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.
Працягваюць выратавальнікі цесна супрацоўнічаць з прадстаўнікамі сельвыканкамаў, РАУС, раённай бальніцы, установамі адукацыі і інш. У такім тандэме эфектыўнасць працы павялічваецца.
Рэспубліканскія прызёры
Годна праяўляюць сябе стаўбцоўскія выратавальнікі на прафесійных конкурсах.
Так, лепшым у рэспубліцы сярод вадзіцеляў пажарнага аўтамабіля стаў стаўбчанін Віктар Макась. У конкурсе прапагандыстаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях Міншчыны другое месца заваявала інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю райаддзела Вольга Салей.
Неаднаразова ў 2023 годзе работнікі адстойвалі гонар райаддзела ў спартыўных спаборніцтвах. Прызёрамі сталі Павел Нятрэба (лёгкая атлетыка), Вадзім Грахольскі і Андрэй Арлоўскі (лыжныя гонкі). Другое месца ў стаўбчан сярод падраздзяленняў Мінскай вобласці і па міні-футболе.
Старшы інструктар-выратавальнік Аляксандр Казлоў прадстаўляў гонар Мінскай вобласці на міжнародных спаборніцтвах «Наймацнейшы пажарны-выратавальнік».
Начальнік РАНС Андрэй Герасіменка: «Віншую ўвесь асабовы склад райаддзела па надзвычайных сітуацыях і ветэранаў пажарнай службы. Жадаю моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, міру і шчасця».
Ксенія РУБІН, фота аўтара