Меню

Не праходзіў міма чужой бяды. Ветэран РАНС прысвяціў пажарнай службе больш за 25 гадоў

Общество

Не праходзіў міма чужой бяды, ратаваў жыцці іншых, пры гэтым ахвяраваў сабой. Ветэран Аляксандр Бычко прысвяціў пажарнай службе больш за 25 гадоў

Ён аддаваўся сваёй справе спаўна і атрымліваў маральнае задавальненне ад службы.

У органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Бычко прыйшоў не адразу – пасля вучобы ў тэхнікуме прайшоў службу ў арміі, працаваў у дарожна-будаўнічай арганізацыі і інш. У 1990 годзе прыйшоў у пажарную часць г. Стоўбцы.

– Спачатку быў пажарным, затым – камандзірам аддзялення, а ў 2006 годзе – старшым майстрам газадымаахоўнай службы. Няпроста выратавальнікам прыйшлося ў тыя гады, – адзначае Аляксандр Вячаслававіч.

Было складана і з кадрамі, і з тэхнікай. Аднак прыстасоўваліся да ўсяго і дзень пры дні з калегамі спяшаліся на дапамогу грамадзянам. Устаноўка адна для ўсіх – не пакінуць у бядзе, прадухіліць. Але пры гэтым і сябе не страціць: галоўнае – выконваць правілы бяспекі.

Калі быў маладым супрацоўнікам, літаральна з першых дзён уцягваўся ў работу: вывучаў правілы вядзення дакументацыі, тэхніку і абсталяванне, нарматыўныя дакументы. Аляксандр Бычко добрым словам успамінае свайго першага «настаўніка» – Святаслава Сергіевіча, які стаў правадніком у сапраўды мужчынскую работу. Пасля Аляксандр Вячаслававіч і сам стане «правадніком» і таварышам для сваіх маладых калег.

Аляксандр Бычко дзеліцца ўспамінамі аб сваёй службе з выратавальнікамі-пажарнымі Глебам Кажамякам і Паўлам Бычынскім

Не раз даводзілася сутыкацца і з цяжкасцямі прафесіі, бачыць пажары, іх наступствы і гора людзей.

– Адразу адчуў, наколькі адказная і стрэсавая прафесія выратавальніка, – успамінае Аляксандр Бычко. – Як цяпер памятаю маштабныя пажары. Адзін з такіх здарыўся ў Нясвіжы ў 2002 годзе: у замку адбылося ўзгаранне даху і канструкцый на каталіцкае Ражджаство. Будынак стары, шмат канструкцый з дрэва. Аднак сумеснымі намаганнямі змаглі выратаваць культурную спадчыну.

Аляксандр Вячаслававіч прызнаецца, што не ўсе маглі вытрымаць маральную і фізічную нагрузку. А ён у прафесіі застаўся і ніколі не пашкадаваў аб зробленым выбары. Аж да выхаду на заслужаны адпачынак (у 2007-м) годна нёс службу пажарным-выратавальнікам.

За высокія паказчыкі ў рабоце Аляксандр Бычко быў неаднаразова заахвочаны кіраўніцтвам, узнагароджаны медалямі і граматамі.

Увесь час службы сваім мужам і татам ганарыліся жонка і дзеці. Дарэчы, адзін з сыноў, Сяргей Бычко, пайшоў па слядах бацькі і таксама працуе ў Стаўбцоўскім РАНС – так пачалася яшчэ адна дынастыя пажарных-выратавальнікаў.

Пасля выхаду на заслужаны адпачынак ветэран ні дня не сядзеў без справы, ён заўсёды ў руху і ў клопатах аб родных.

– Прафесіяналамі не нараджаюцца – імі становяцца, – сцвярджае Аляксандр Бычко. – Самае галоўнае ў працы – выратаваныя жыцці людзей, іх шчаслівыя вочы.

Іна ГАПАНОВІЧ

Фота Ксеніі РУБІН

Рекомендуем