Нерухомасць зарэгіструюць на адлегласці. Прафесійнае свята адзначаюць работнікі землеўпарадкавальнай службы

Напярэдадні вясны чакаецца рост здзелак і павелічэнне тэрміновых заказаў
Прыемная рэгіянальная навіна: на Стаўбцоўшчыне засталася невялікая колькасць не зарэгістраванай ва ўстаноўленым парадку нерухомай маёмасці.
«Гэта значыць, амаль усе жылыя дамы і кватэры, розныя аб’екты маюць юрыдычныя акты прызнання і пацвярджэння дзяржавай стварэння, змянення або спынення іх існавання, – удакладняе загадчык Стаўбцоўскага бюро Дзяржынскага філіяла РУП «Мінскае абласное агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры» Дзмітрый Іванілаў. – Так, на цяперашні момант завяршаем афармленне тэхпашпартоў жыльцам 54-кватэрнага жылога дома ў Стоўбцах, уведзенага ў эксплуатацыю напрыканцы мінулага года. Напярэдадні вясны чакаем рост актыўнасці дачнікаў, якія ў вясенне-асенні перыяд рэгіструюць найбольшую колькасць здзелак з нерухомасцю».

Дзмітрый Іванілаў узначаліў Стаўбцоўскае бюро ў 2023 годзе, адпрацаваўшы да гэтага ў бюро 17 гадоў у якасці рэгістратара нерухомасці.
Мы папрасілі Дзмітрыя Аляксеевіча расказаць пра паслугі, якія сёння запатрабаваны заказчыкамі, а таксама ўкараненне новаўвядзенняў для павышэння іх якасці.
– Да нас ідуць тыя, каму неабходна ажыццявіць тэхнічную інвентарызацыю, зарэгістраваць спадчыну, здзелку куплі-продажу і інш. Пералік гэтых паслуг – шырокі. А новае, – акцэнтуе ён увагу, – у тым, што ў нашых кліентаў з’явілася магчымасць падаць заяву на рэгістрацыю або тэхнічную інвентарызацыю маёмасці незалежна ад месца знаходжання гэтай маёмасці. Экстэрытарыяльнай рэгістрацыяй мы ўжо займаемся некалькі апошніх гадоў, а тэхнічную інвентарызацыю «на адлегласці» толькі пачалі ўкараняць.
– Заяўкі прымаеце і ад грамадзян, і ад юрыдычных асоб?
– Так. Прыём грамадзян вядуць тры рэгістратары нерухомасці. Заяўкі ад юрыдычных асоб прымаю я. У сярэднім за дзень рэгіструем тры дзясяткі заяў на аказанне розных відаў паслуг.
Звяртацца можна паводле жывой чаргі і папярэдняга запісу (сёння на заўтра ці на наступныя дні без абмежавання). Попытам карыстаюцца субота, бо бюро працуе з 09.00 да 15.00, і чацвер. У 2024 годзе графік работы бюро па чацвяргах падоўжаны да 20.00. Такая практыка сведчыць, што людзям зручна вырашаць пытанні з нерухомасцю вечарам, пасля работы.
Нашы спецыялісты выязджаюць на месца і робяць абмер жылога дома, гаспадарчых пабудоў. Транспарт выдзяляе Дзяржынскі філіял, ды і заказчыкі нярэдка прапануюць свой, каб паскорыць працэс.
– Ці змяніліся тэрміны вырабу дакументаў на нерухомасць?
– Тэрміны засталіся ранейшымі. На рэгістрацыю даецца пяць рабочых дзён, на тэхнічную інвентарызацыю – да 15. Можам выконваць заказы ў тэрміновым і паскораным парадку. Дарэчы, такія заказы складаюць у агульным аб’ёме прыкладна 30-40 працэнтаў.
Для зручнасці кліентаў ёсць паслуга – адпраўка дакументаў паштовым адпраўленнем. Яна карыстаецца попытам, асабліва ў тых, хто пражывае па-за межамі райцэнтра або Стаўбцоўскага раёна.
Нярэдка ёсць патрэба ў ацэнцы маёмасці, калі неабходна атрымаць крэдыт, звярнуцца ў суд, ажыццявіць здзелку, аплаціць падатак па здзелцы і г. д. Для зручнасці заяву прымуць у бюро, а правядзеннем ацэнкі зоймецца галаўное прадпрыемства.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара