Пасхальнае пасланне епіскапа Маладзечанскага і Стаўбцоўскага ПАЎЛА пастырам, дыяканам, манахам і ўсім верным сынам і дочкам Маладзечанскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы
«Спасіцель і Збавіцель мой з магілы як Бог уваскрасіў з путаў народжаных на зямлі, і вароты пякельныя разбурыў і як Уладар уваскрэс на трэці дзень».
(Кандак нядзельнай службы, глас 4)
Узлюбленыя ў Госпадзе пачэсныя айцы, дарагія браты і сёстры! Радуючыся з вамі і аддаючы хвалу і падзяку нашаму Жыццядаўцу, ад усяго сэрца ўрачыста ўсклікаю:
– Хрыстос Уваскрэс!
Літасцівы Гасподзь, як крыніца радасці і сэнсу чалавечага жыцця, чарговы раз дараваў нам магчымасць уваскрэснуць духам і сустрэць яшчэ адну Пасху. «Бо Бог, які вывеў Ізраіля з Егіпта, заклікае нас і цяпер да святкавання, кажучы праз Маісея: «пільнуй месяц новых» (пладоў), «і здзяйсняй Пасху Госпаду Богу твайму» (Друг. 16, 1); і праз Прарока: «святкуй, Іуда святы твае, аддай Госпаду абяцанні твае» (Наум. 1, 15). А калі Бог па Сваёй добрай волі кліча нас цяпер на свята, дык не трэба нам марудзіць, браты мае, не варта прапускаць час; але з радасцю і стараннасцю павінны мы паспяшацца да Яго, каб ад гэтага часу радасна паклаўшы (добры) пачатак, маглі мы ўспрымаць і залог удзелу ў нябесным святкаванні», – сведчыць свяціцель Афанасій Вялікі.
Прайшло ўжо амаль дзве тысячы гадоў з таго часу, як анёл абвяшчаў ля гроба міраносіцам: «Яго няма тут; Ён уваскрэс, як і казаў. Падыдзіце, пабачце месца, дзе ляжаў Гасподзь. І хутка ідзіце, скажыце вучням Яго, што Ён уваскрэс з мёртвых (Мф. 28:6–7). І на працягу ўсяго гэтага часу, калі «ноч мінае, а дзень наблізіўся» (Рым. 13:12), вестка аб Уваскрэсенні Хрыстовым не толькі працягвае выклікаць у нас захапленне і радасць, але і праз далучэнне да Крыніцы жыцця, Хрыста Спасіцеля, умацоўвае веру ў тое, што смерці няма. Як казаў наш беларускі Златавуст, свяціцель Кірыл епіскап Тураўскі: «Гасподзь наш Ісус Хрыстос як чалавек быў распяты, але як Бог азмрочыў сонца і паклаў месяц у кроў, цемра была па ўсёй зямлі; як чалавек, ускрыкнуўшы, выпусціў дух, а як Бог патрос зямлю, і распаліся камяні; як чалавек быў працяты ў рэбры, а як Бог раздзёр напалам завесу старажытнага закона! Як Агнец выліў Сваю кроў замест ягнят, якіх забіваюць у пустыні дзеля ахвяры, і прынёс Сабою ахвяру Богу Айцу за выратаванне ўсяго свету; як чалавек быў пакладзены ў магіле, а як Бог асвяціў алтар Царквы з язычнікаў; як цар быў ахоўваемы вартавымі і запячатаны ляжаў у гробе, але як Бог праз анёльскае воінства вяшчаў дэманічным сілам у цвярдыні пекла: «Вазьміце вароты, князі вашы, і вазьміцеся вароты вечныя: і прыйдзе Цар славы» (Пс. 23, 7)… Цела Хрыстова смерць змярцвіла і ўсё стлеўшае стварэнне абнавіла».
Няма такіх слоў ні ў нашай, ні ў якай іншай мове, якія маглі б апісаць радасць Пасхальнага цуда і пасхальных зносін чалавечай душы з Богам. Ачысціўшы пачуцці, бо толькі чыстыя сэрцам могуць убачыць Бога (Мф. 5: 8), мы па-сапраўднаму можам сустрэць Хрыста, які ідзе нам насустрач, ззяючы ў белых рызах. Факт Уваскрэсення Хрыстовага з’яўляецца не толькі падмуркам Яго Царквы і галоўнай тэмай апостальскай пропаведзі, але і служыць падставай нашай веры. «Калі Хрыстос не ўваскрэс, то марная і пропаведзь наша, марная і вера ваша» (1 Кар. 15; 14), – кажа святы апостал Павел.
Але для таго, каб нам з вамі сёння радавацца, нашаму Спасіцелю прыйшлося прайсці праз неспасціжныя чалавечаму розуму выпрабаванні. Усведамляючы, што Уваскрэсенне Хрыстова немагчыма без Крыжовых Пакут, мы ў дні Вялікага посту малітоўна спрабавалі ісці за Ім па гэтым цярністым шляху. І як сорак гадоў старажытны Ізраіль чысціў сябе ад граху ў пустыні, мы на працягу сарака дзён праз усведамленне сваёй грахоўнасці і пакаянне рыхтавалі свае сэрцы да Вялікай таямніцы Адкуплення.
Узлюбленыя ў Хрысце Уваскрэслым пачэсныя айцы! Дарагія браты і сёстры! «Веруйце ў святло, каб стаць сынамі святла» (Ін. 12:36)! Услаўляючы ў гэтыя светлыя дні Пераможцу смерці Госпада нашага Ісуса Хрыста, натхнімся на ачышчальны і выратавальны подзвіг стаяння ў чысціні веры і праўды, а Пасхальная радасць няхай сагравае нашы сэрцы!
САПРАЎДЫ УВАСКРЭС ХРЫСТОС!
Епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі
Пасха Хрыстова, 2026 год, г. Маладзечна