«Пасля прышчэпкі абавязкова будзе ўскладненне». Развенчваем міфы пра вакцынацыю
На думку спецыялістаў, адзіны надзейны спосаб абароны ад вірусных інфекцый – гэта вакцынацыя. І ў жыхароў Стаўбцоўшчыны ёсць яшчэ час зрабіць прышчэпку, каб выпрацаваўся трывалы імунітэт
Вакцынацыя супраць грыпу працягваецца. Сезонны ўздым чакаецца ў лютым і сакавіку. На дадзены момант на Стаўбцоўшчыне прышчэплена больш за 18 працэнтаў насельніцтва.
Галоўны санітарны ўрач раёна Аляксей Бондараў нагадвае, што ў першую чаргу вакцынацыя неабходна для груп высокай рызыкі. Менавіта для іх асабліва небяспечны грып. Гэта дзеці, дарослыя з хранічнымі захворваннямі, цяжарныя жанчыны, работнікі сфер адукацыі, медыцыны, культуры, гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання.
Грып і метады яго прафілактыкі часта абрастаюць міфамі. Паспрабуем іх развеяць разам з Аляксеем Бондаравым.
Міф 1. Ужо быў вакцынаваны, але ўсё роўна захварэў. Значыць, вакцына неэфектыўная.
– Вакцына супраць грыпу абараняе менавіта ад гэтага захворвання. Людзі часта блытаюць вострыя рэспіраторныя інфекцыі (ВРІ) і грып. Але той, хто хварэў на грып, добра памятае, як працякае гэтае захворванне. Яшчэ бывае так, што чалавек на момант агляду перад вакцынацыяй не кажа доктару, што ён, напрыклад, прастудзіўся. Тады вакцына ўзмацняе імунны адказ і ВРІ праходзіць хутчэй, але з больш выяўленымі сімптомамі. Як вынік, узнікае міф, і людзі абвінавачваюць ва ўсім вакцыну, хоць у дадзеным выпадку яна толькі паскарае выздараўленне.
Міф 2. Рабіць прышчэпку супраць грыпу не мае сэнсу, таму што невядома, які тып грыпу будзе.
– Над прагназаваннем таго, якія менавіта тыпы віруса грыпу будуць цыркуляваць у наступным сезоне ў канкрэтным рэгіёне, працуюць вядучыя сусветныя эксперты. Менавіта паводле іх рэкамендацый заводы вырабляюць вакцыны. Напрыклад, у вакцыне грыпознай інактываванай расшчэпленай, якая з’явілася летам мінулага года, ёсць кампанент, здольны абараніць ад тыпу Н3N2. І вось доказ праваты экспертаў: у розных рэгіёнах Расіі ў лістападзе зафіксавалі заражэнне грыпам А (H3N2), так званым ганконгскім.
Міф 3. Пасля прышчэпкі абавязкова будзе ўскладненне.
– Калі прышчэпка зроблена чалавеку пасля агляду і допуску ўрача, гэтага не адбудзецца. Павышэнне тэмпературы, недамаганне, слабасць, мышачны боль – гэта толькі рэакцыя на прышчэпку, якая праходзіць на працягу сутак, не пакідае ніякіх наступстваў. Бывае такое далёка не заўсёды.
Міф 4. Летась прышчапляўся супраць грыпу, сёлета не трэба.
– На самай справе ахоўны ўзровень імунітэту зніжаецца праз 6-12 месяцаў пасля ўвядзення вакцыны, таму рэкамендуецца праводзіць вакцынацыю штогод. Тым больш што вакцыны распрацоўваюцца менавіта пад тыя тыпы вірусаў грыпу, якія будуць цыркуляваць.
Міф 5. Нельга абараніцца супраць кавіду і грыпу адначасова.
– Можна. Імунітэт выпрацоўваецца адразу на дзве прышчэпкі. І ў любым выпадку пры аглядзе перад вакцынацыяй урач параіць, як менавіта для вас будзе лепш.
Міф 6. Цяжарным жанчынам або тым, якія плануюць цяжарнасць, вакцынацыя супраць грыпу небяспечная.
– Няпраўда. Мэта вакцынацыі – не дапусціць захворвання цяжарнай жанчыны на грып, які можа паўплываць на здароўе плода. Больш за ўсё грып небяспечны ў раннія тэрміны цяжарнасці, калі закладваюцца і фарміруюцца тканкі і органы эмбрыёна чалавека. Вірусная інтаксікацыя або ўздзеянне лекаў для лячэння грыпу можа прывесці да паталогіі органаў дзіцяці, парокаў развіцця. А інактываваная вакцына ніякай небяспекі не нясе.
Аляксей Бондараў заклікае: «Прышчэпка супраць грыпу дае абарону ўжо праз два тыдні пасля вакцынацыі. Наведайце любую лячэбную ўстанову раёна або запрасіце медыкаў да сябе на прадпрыемства. Будзьце здаровы!»
Марына КУТАС