Пасланне да Ражджаства Хрыстовага Епіскапа Маладзечанскага і Стаўбцоўскага ПАЎЛА пастырам, манахам і ўсім верным чадам Маладзечанскай епархіі Беларускага Экзархата
Узлюбленыя ў Госпадзе пачэсныя айцы! Дарагія браты і сёстры!
З вялікім захапленнем і радасцю віншую вас з найвялікшай падзеяй у гісторыі домабудаўніцтва нашага спасення — святам Ражджаства Хрыстовага!
«Слава Табе, Госпадзі! І яшчэ дачакаліся мы светлых дзён Нараджэння Хрыстовага: павесялімся ж цяпер і парадуемся. Святая Царква свядома для таго, каб узвысіць нашу радасць у гэтыя дні, заснавала перад імі пост – пэўнае абмежаванне, каб, уступаючы ў іх, мы адчувалі сябе як бы выходзячымі на волю… Слаўце ж Хрыста, і слаўце так, каб гэтым услаўленнем нацешыліся душа і сэрца, і тым заглушыўся пазыў да ўсякай іншай справы і занятку… Гэта будзе ціхая песня сэрца, якая пройдзе, аднак жа, нябёсы і ўвойдзе да Самога Бога», – навучае нас свяціцель Феафан Затворнік.
Больш за дзве тысячы гадоў таму спакой ціхай палестынскай ночы парушыў ангельскі хор, які распавёў пастухам добрую вестку аб тым, што ў свет прыйшла Божая любоў. У вобразе безабароннага Дзіцяткі Сын Божы прыходзіць на зямлю, каб пасля сказаць: «Хто бачыў Мяне, той бачыў Айца» (Ін. 14, 9).
Святочны настрой, які прыносіць кожнаму веруючаму евангельскае благавесце аб найвялікшай падзеі Ражджаства Хрыстовага, адсоўвае на задні план усю мітусню нашага зямнога быцця. Прышэсце ў свет Спасіцеля не абмінае ніводзін дом, у якім адчынены дзверы Госпаду. Уся атмасфера дзён і перажыванняў пра Хрыста, Які нарадзіўся, не дазваляе знаходзіцца ў смутку, таму што «Бог (з’явіўся) у плоці для таго, каб плоць, якая была пад праклёнам, асвяціць, якая знемагае — умацаваць, якая адчужаецца ад Бога — наблізіць да Яго, пазбаўленую раю — узнесці на неба», — кажа свяціцель Васілій Вялікі.
Уся гісторыя існавання чалавецтва прасякнута пошукамі шляху да Бога. Рассеяныя па ўсёй зямлі і страціўшыя з часам памяць аб знаходжанні прабацькоў у Эдэмскім садзе, людзі па-рознаму пачалі прадстаўляць Свайго Творцу. З’явілася нават шматбожжа. І для таго, каб пакінутыя прарокамі абяцанні аб прыходзе Месіі паўсталі ў рэальнасці, «калі прыйшла паўната́ часу, Бог паслаў Сына Свайго Адзінароднага, Які нарадзіўся ад Дзевы, нарадзіўся пад законам, каб выкупіць падзаконных, каб мы атрымалі ўсынаўле́нне» (Гал. 4:4).
Сын Божы, па словах прападобнага Макарыя Егіпецкага: «Сам прыходзіць цяпер, і руйнуе ўсякую бязладзіцу, створаную лукавым, усе справы яго, здзейсняныя ў намерах, абнаўляе, узнаўляе нябесны вобраз, новую творыць душу…Цяпер сапраўдны збавіцель — Хрыстос прыходзіць у патаемнасці душы, і выводзіць яе з цёмнага Егіпта, з-пад самага цяжкага ярма, з горкага рабства». Усемагутны Гасподзь асабіста прымае чалавечую выяву і застаючыся сярод людзей, пражываючы зямное жыццё ва ўсіх яго праявах, паказвае людзям, што Ён не дзесьці там далёка і недасягальна, а тут, сярод нас. Выйшаўшы на грамадскую пропаведзь, Хрыстос Спасіцель не толькі навучае Божай ісціне, творыць цуды, але і ўласным прыкладам паказвае, як выканаць Закон Божы. На жаль, тыя хто гучней усіх заяўлялі пра ўласную праведнасць, не прынялі Яго вучэння і замест таго каб прынесці Ісціннаму Богу ў ахвяру сваю грэшную душу, адрачыся ад сябе і сваіх страсцей, аддалі на ганебную смерць Таго, хто «ёсць мір наш, Які зрабіў з абодвух адно і зруйнава́ў сцяну́, якая падзяля́ла іх» (Еф. 2,14).
Малітоўна знаходзячыся ў ясляў народжанага Богадзіцяткі Хрыста, жадаю ўсім нам, дарагія браты і сёстры, каб тая любоў Божая і мір, пра якія спявалі Ангелы ў ноч Ражджаства, з’явіліся ў кожнага з нас! Дай Бог і нам мець душэўную прастату падобна пастухам і мудрасць падобна вешчунам, каб мы маглі ў думках пакланіцца нашаму Спасіцелю, Госпаду Іісусу Хрысту, і ў якасці дару прынесці Яму самае дарагое — святло веры ў Яго і чысціню нашых сэрцаў адзін да аднаго. Са святам, дарагія мае!
Хрыстос нарадзіўся — слаўце Яго!