25 снежня вернікі каталіцкай канфесіі адзначаюць Раждаство Хрыстова: ад імя каталіцкіх святароў Стаўбцоўшчыны віншуе ксёндз Міхал Бубен
Дарагія браты і сёстры,паважаныя чытачы, людзі добрай волі!
Ад усяго сэрца віншую вас з радасным і збаўчым святам Божага Нараджэння.
Няхай яно стане часам разважання над таямніцай Богаўцелаўлення як таямніцы Божага дару жыцця, які мы павінны сцерагчы, як зрэнку вока, таямніцы Божага святла, якое прасвятляе цемру граху і таямніцы бязмежнай Яго любові да чалавека, каб адарыць нас новай надзеяй.
Віншую хрысціян, якія разам з намі адзначаюць гэтае свята!
Віншую братоў і сясцёр праваслаўных, якія перажываюць Адвэнт і рыхтуюцца да падобнага свята!
У сучасным свеце мы павінны быць аб’яднаны, каб Хрыстус нарадзіўся сваёю ласкай у сэрцах усіх людзей і з новай моцай заззяла Яго святло, бо сучасны свет чакае нашага сумеснага хрысціянскага сведчання і абароны духоўных каштоўнасцей.
З дарам малітвы, ад імя каталіцкіх святароў Стаўбцоўшчыны ксёндз Міхал Бубен, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў аг. Дзераўная, віцэ-дэкан Стаўбцоўскага дэканата