Працаўніцы МТК «Налібакі» ўвайшлі ў топ-10 аператараў машыннага даення раёна
У топ-10 аператараў машыннага даення раёна –і працаўніцы МТК «Налібакі» аднайменнага таварыства.
На працягу васьмі гадоў працуе ў гаспадарцы Валянціна Стасевіч. Яна пераехала з Брэсцкай вобласці, дзе таксама рупілася даяркай. Спачатку жанчына шчыравала на МТФ «Цэнтр», а калі пабудавалі новы комплекс, то папрасіла перавесці яе сюды. Кіраўніцтва пайшло насустрач, бо працаўніца яна старанная, добрасумленная. У жывёлагадоўлю прыйшла па прызванні і заслужыла прызнанне сваёй нялёгкай працы. Валянціна Мікалаеўна стала пераможцай штогадовага абласнога спаборніцтва за дасягненне лепшых паказчыкаў у развіцці аграпрамысловага комплексу і атрымала Ганаровы дыплом.
Марыя Шыманская – мясцовая, з Куля. Працуе параўнальна нядаўна, але ў жывёлагадоўлі не навічок, і справа ў яе ладзіцца. Некалькі месяцаў назад у калектыў улілася Дар’я Фядотава. Усе даяркі адказныя, працавітыя, дружныя, таму і паказчык маюць высокі – перакрылі рубеж па надоях малака ў сярэднім ад кожнай каровы, які складае 10,5 тысячы.
Надзея БАТАЛКА, фота аўтара