Меню

Пры панах не панавалі

Общество

Пра тое, як жылі нашы землякі па абодва бакі савецка-польскай мяжы, як змянілася іх жыццё пасля 1939 года, успамінае жыхарка Стоўбцаў Яўгенія Грыгаровіч.

Чым ты была,

Беларусь мая родная, –

Хіба ж не бачылі нашыя вочы?

Вечна абдзёртая,

вечна галодная,

Сонца не ведала, а толькі ночы…

Людзі твае, у беднаце гадаваныя,

З торбай жабрацкаю

век дажывалі…

Злосна стагналі вятры

над курганамі,

Хмары насіліся чорнаю хваляй.

Менавіта з верша Янкі Купалы пачала свой аповед Яўгенія Канстанцінаўна. Яна адзначыла, што словы беларускага паэта як найлепш характарызуюць жыццё пад Польшчай, бо пры панах усе беларусы жылі бедна.

І хоць прайшло з тых часоў ужо практычна 85 гадоў, жанчына захоўвае ў сваім лексіконе выразы «там» і «тут», «як пры панах» і «як пры бальшавіках».

Жылі са сваёй гаспадаркі

– Нарадзілася я ў 1924 годзе пры Польшчы ў Задвор’і ў звычайнай сялянскай сям’і, – расказвае Яўгенія Грыгаровіч. – У бацькі было 10 гектараў зямлі і вялікая сям’я – 10 дзяцей.

Калі не лічыць, што ў нас быў конь, то можна сказаць, што ўсё рабілі ўручную. Серп, лапата, вілы, сякера – вось і ўся тэхніка.

Дзеці працавалі нароўні з дарослымі. Бацькі з раніцы ў поле ішлі, а я заставалася за няньку, хоць мне самой толькі шэсць гадоў споўнілася. Дастану з пліты ежу, пакармлю сястру і раблю іншую дамашнюю работу. Калі нарадзілася яшчэ адно дзіця, ужо сястра яго няньчыла, а я ў поле пайшла.

Бацька з канём завіхаўся. Яму і араць, і баранаваць, і касіць – усё самому трэба было. Мы падрасталі і дапамагалі яму садзіць бульбу, сена сушыць, жыта жаць. Ды і дома заўжды шмат працы. У нас была вялікая гаспадарка: пяць кароў, свінні, авечкі, куры, качкі. Усё, што трэба было для сям’і, рабілі самі. Усё было сваё: і крупы, і мука. Увогуле ніякай іншай работы не было, таму карміліся толькі са сваёй гаспадаркі.

Галоднымі пад панамі мы не былі, але працаваць шмат даводзілася.

У лес – за тры злотыя

– Мы жылі недалёка ад станцыі і мелі магчымасць прадаваць там малако і яйкі, а ўлетку – яшчэ і грыбы ды ягады.

Вакол нашай вёскі было шмат лясоў. Аднак хадзіць туды без патрэбы мясцовым жыхарам забаранялася. Неабходны быў спецыяльны білет.

Леснікі сачылі не толькі за парадкам, але і за тым, каб не скралі бярозку ці хвойку, каб нават ветак для веніка ніхто не наламаў.

У Акінчыцах знаходзілася кантора, дзе можна было набыць білет для збору грыбоў і ягад. У ім было распісана, дзе ў лесе можна хадзіць, а дзе забараняецца. Памятаю, былі ўчасткі, дзе вырошчвалі «замежных птушак», і не дай бог туды зайсці.

Купіць білет для кожнага члена сям’і было вельмі дорага. Каштаваў ён тры злотыя, а гэта на той час былі немалыя грошы. Але мы прыстасоўваліся і па адным білеце хадзілі ўдваіх. Я брала з сабой малодшую сястрычку. Яна збірала ягады ў мой кошык, а дадому ішла з пустым вядзерцам. Бо калі без білета трапішся на вочы вартаўніку ці лесніку, усе ягады забяруць.

Жадаеш у гімназію – прымі польскую веру

– Дазволіць дзецям вучыцца  маглі толькі  больш заможныя гаспадары.

Вось Слабадская школа была адна на чатыры вёскі, але вучылася там усяго 12 дзяцей. Дарэчы, з самой Слабады быў толькі адзін вучань.

Настаўнікі ў школе забаранялі нам размаўляць на беларускай мове, усе ўрокі праводзілі на польскай. Прыязджалі ў школу святары. Яны вучылі нас Закону Божаму. Тут палякі пайшлі на ўступкі, і праваслаўныя вучні займаліся з бацюшкам, а каталікі – з ксяндзом.

Трэба сказаць, што польскую мову мы «зубрылі да жаху». Ужо ў дарослым узросце даводзілася сустракацца з палякамі. Яны нават дзівіліся, наколькі добра я  размаўляю на іх мове і разумею яе.

У школе я вучылася на адны пяцёркі. Пасля сямі класаў хацела паступіць у гімназію. Аднак для гэтага трэба было прыняць польскую веру. А навошта мне гэта, калі я праваслаўная? Так і скончылася мая вучоба пры паляках.

А што рабіць далей? Уладкавацца на працу магчымасці не было. Нават прыбіральшчыцай не бралі нікуды. Дарэчы, у нашай акрузе ніводны беларус не працаваў. Было як з вучобай: хочаш атрымаць работу – прымі польскую веру. Для паляка праца заўсёды знаходзілася, нават калі ён быў прыезджы.

Трэба сказаць, што палякі нядобра ставіліся да беларусаў, з пагардай. Вось толькі адзін прыклад: на вечарыны, танцы па-сучаснаму, хадзіць было нельга. Палякі выганялі беларусаў. Так было не толькі ў нас. Пра гэта мне і пляменніца расказвала, а жыла яна за 20 кіламетраў ад горада.

Пасля ўз’яднання Беларусі я працягнула вучобу ў вячэрняй школе. Аднак хутка прыйшла іншая бяда – вайна. Гады нямецкай акупацыі былі самым страшным адрэзкам майго жыцця. Вось і цяпер памятаю, як хаваліся ў лясах, каб не вывезлі ў Германію. Даводзілася галадаць, калі нямецкія салдаты забралі ўсю жыўнасць з двара.

Цяжка жылося і пасля вызвалення. Шмат працавалі, каб аднавіць разбураную краіну.

Але самае галоўнае, што былі мір і цішыня.

Накіруйце камеру смартфона на QR-код і паглядзіце інтэрв’ю з Яўгеніяй Грыгаровіч у відэафармаце:

Рекомендуем