Меню

Прыгажосць у пагонах. У РАУС працуе больш дваццаці прадстаўніц прыгожага полу

Общество

Сярод супрацоўнікаў раённага аддзела ўнутраных спраў – 13 грамадзянскіх і 10 атэставаных прадстаўніц прыгожага полу. У Дзень прафесійнага свята прапануем пазнаёміцца з некаторымі з іх.

Аляксандра Сідаровіч, Аляксандра Стэфановіч і Ганна Болсун нясуць службу ў Стаўбцоўскім райаддзеле міліцыі

Дапамагаць людзям і абараняць тых, хто малодшы і слабейшы, Аляксандры Сідаровіч падабалася з дзяцінства. Менавіта гэтая якасць была  вырашальнай пры выбары прафесіі. Да таго ж жаночае імя Аляксандра азначае «надзейная, мужная, абаронца людзей». І ўсё гэта ёй адпавядае.

Пасля вучобы на юрыдычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта дзяўчына прыбыла на адпрацоўку ў Стаўбцоўскі райаддзел міліцыі. Яна родам з Баранавічаў, аднак Стоўбцы ёй спадабаліся, таму і вырашыла застацца тут.

Аляксандра пачынала службу з пасады ўчастковага інспектара па справах непаўналетніх. Цяпер яна старшы інспектар прафілактыкі аддзела правапарадку і прафілактыкі. Нягледзячы на іншую спецыфіку работы, яна гэтак жа добрасумленна выконвае свае абавязкі. Аляксандра Сідаровіч лічыць, што ў рабоце заўсёды павінна быць пачуццё локця – без гэтага ніяк.

Аляксандра Стэфановіч у райаддзеле міліцыі ўжо 13 гадоў. Да нядаўняга часу працавала ў аддзяленні па грамадзянстве і міграцыі. Год таму яна скончыла Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь і атрымала доўгачаканыя лейтэнанцкія пагоны. Цяпер Аляксандра – старшы інспектар кадраў. Яна кажа, што пайшла па слядах маці Алы Сцяпанаўны, якая амаль 20 гадоў працавала ў райаддзеле.

Аляксандра выхоўвае дачку Стэфанію і з ранніх гадоў прывівае дзяўчынцы павагу да сваёй прафесіі.

Лейтэнант міліцыі Ганна Болсун – адзіны ўчастковы інспектар – жанчына. Яе працоўны дзень пачынаецца не з кубачка кавы і сацыяльных сетак, а з інструктажу і атрымання зброі. Ганна не губляе аптымізму, нягледзячы на тое, што працаваць даводзіцца са складаным кантынгентам. Яна ўпэўнена: з любой сітуацыі заўсёды можна знайсці выйсце.

У райаддзел Ганна прыйшла адразу пасля заканчэння Старасвержанскай сярэдняй школы. Адначасова працавала і атрымлівала вышэйшую адукацыю.

У міліцыі пазнаёмілася са сваім будучым мужам Сяргеем. Ён дзяржаўтаінспектар дарожна-патрульнай службы аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі. Маладая сям’я атрымала арэндную кватэру і цяпер выдатна сумяшчае прафесійную дзейнасць і ролю любячых і клапатлівых бацькоў: у сям’і падрастае сын Ілюша.

Прафесія супрацоўніка органаў унутраных спраў штодзённая і кругласутачная і, вядома, шмат да чаго абавязвае. Але пры гэтым яна не перашкаджае жанчынам заставацца прыгожымі і абаяльнымі і яшчэ раз пацвярджае, што міліцыянер – гэта не толькі мужчынская прафесія.

Алена ГАМЗА

Фота Ксеніі РУБІН

Рекомендуем