Рыгор Мамайка: «Воіны-інтэрнацыяналісты працягваюць работу з моладзю»
Сёлета спаўняецца 35 гадоў з дня вываду савецкіх войск з Афганістана
З афганскай вайны (1979–1989 гады) не вярнуліся восем нашых землякоў, застаўшыся навечна маладымі. Іх імёны выбіты на мармуровай стэле побач з раённым Цэнтрам культуры.
На Стаўбцоўшчыне яшчэ жывуць дзве «афганскія матулі» – Зоя Георгіеўна Клімахіна (Рубяжэвічы) і Марыя Васільеўна Шалькевіч (Запольцы). Воіны-інтэрнацыяналісты разам з работнікамі райваенкамата не пакідаюць іх без увагі, наведваюць і аказваюць дапамогу.
– Раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» налічвае 80 воінаў-інтэрнацыяналістаў. За апошні год нашы рады не зменшыліся, і гэта добрая навіна, бо тыя, хто прайшоў праз баявыя дзеянні, маюць праблемы са здароўем. Ды і гады бяруць сваё, – падкрэслівае яе старшыня Рыгор Мамайка. – Аб’ехалі ўсе пахаванні воінаў-інтэрнацыяналістаў на тэрыторыі раёна і ўпэўніліся, што дзякуючы сваякам гэтыя пахаванні знаходзяцца ў добрым стане.
Над пахаваннямі Князевых – старшага лейтэнанта Валерыя Віктаравіча Князева, які загінуў у Афганістане ў 1982 годзе, і яго бацькоў – узялі шэфства члены спартыўна-патрыятычнага клуба баявых адзінаборстваў «Абаронца Айчыны», які працуе на базе СШ № 3 г. Стоўбцы пад эгідай раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Воіны-інтэрнацыяналісты раёна працягваюць работу па ваенна-патрыятычным выхаванні маладога пакалення. Яны выступаюць у школах, аказваюць дапамогу ў правядзенні ваенна-спартыўных мерапрыемстваў. Сярод актывістаў – Мікалай Бутрымовіч, Уладзімір Аўласін, Віктар Дзянісаў, Мікалай Кудравец, Аляксандр Уласевіч, Андрэй Башкіраў, Міхаіл Мамайка, Аляксандр Фянько.
2024 год – вельмі знакавы для нашай краіны. У гонар 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама 25-годдзя падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы мы плануем арганізаваць беларуска-расійскі турнір для моладзі па баявых адзінаборствах.
Наш вопыт падказвае, што дзякуючы плённаму ўзаемадзеянню са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Дзянісам Колясенем мы можам правесці дастойна сустрэчу любога ўзроўню і маштабу.
Да Дня абаронцаў Айчыны раённая арганізацыя воінаў-інтэрнацыяналістаў разам з клубам «Абаронца Айчыны» прадоўжыць традыцыю раённых турніраў.
– На 15 лютага ў Стоўбцах таксама запланаваны шэраг памятных мерапрыемстваў.
– Запрашаю ўсіх на мітынг. Пасля будзе тэматычная канцэртная праграма. У Кафедральным саборы святой праведнай Ганны па традыцыі пройдзе паніхіда па загінулых воінах-інтэрнацыяналістах і памерлых у мірны час. Памяць пра іх – наш абавязак.
Прыемна бачыць, што воіны-інтэрнацыяналісты не губляюць пачуцця баявога брацтва. Жадаю ім і іх сем’ям моцнага здароўя. Яго яны могуць бясплатна паправіць у адмысловых установах аховы здароўя рэспублікі. Да прыкладу, у бягучым годзе ў Стаўбцоўскую ЦРБ пададзены ўжо тры заяўкі на пуцёўкі ў Віцебскі цэнтр медыцынскай рэабілітацыі.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара