Меню

«Слабодка» паказвае суперклас. На Стаўбцоўшчыне адзначылі лепшых па надою малака

Общество

Сем калектываў малочнатаварных фермаў атрымалі ад кожнай каровы звыш дзесяці тысяч кілаграмаў малака.

Найвышэйшыя паказчыкі – у жывёлаводаў МТФ «Налібакі» аднайменнага таварыства (брыгадзір – Анастасія Юргель) і МТФ «Горкі» ААТ «Жацерава» (в. а. брыгадзіра – Сяргей Стома), дзе надоена адпаведна 10 885 і 10 879 кілаграмаў. Як бачна, першае месца ад другога аддзялілі ўсяго шэсць кілаграмаў. У прызавой тройцы – калектыў МТФ «Вялікі Двор» аднайменнага таварыства» (брыгадзір – Андрэй Мяшок) з вынікам 10 599 кілаграмаў. Жывёлаводы фермы  стараліся, нарошчвалі вытворчасць, паступова вяртаючы былыя пазіцыі, і цяпер зноў у кагорце наймацнейшых.

Чацвёртая, пятая і сёмая прыступкі – за ўвішнымі работнікамі МТФ «Зарэчча» (брыгадзір – Аксана Маліноўская), МТФ «Засулле» (брыгадзір – Таццяна Чэмка) і МТФ «Ячонка» (брыгадзір – Таццяна Клімовіч) ААТ «Каганец», дзе адпаведна надоена ў сярэднім ад кожнай каровы 10 389, 10 245 і 10 016 кілаграмаў малака. Гэтыя калектывы працуюць стабільна і пастаянна ў ліку перадавых.

На шостае месца  з вынікам 10 083 кілаграмы падняліся  жывёлаводы МТФ «Слабодка» ТАА «СЖК «Налібакі» (брыгадзір – Людміла Хмыль). І гэта даволі значны рывок, улічваючы той факт, што яшчэ пазалетась працаўнікі маглі толькі марыць аб тым, каб увайсці ў топ-10. Але прыкладзеныя намаганні і жаданне брыгадзіра даказаць, што калектыву па сілах выконваць пастаўленыя задачы, далі станоўчы плён. Восьмая і дзявятая прыступкі – за іх калегамі, працаўнікамі МТФ «Пруды» (за брыгадзіра – галоўны заатэхнік Уладзімір Чарняўскі)  і МТФ «Целяхі» (брыгадзір – Павел Юргель), дзе надоена 9814 і 9420 кілаграмаў малака ад кожнай каровы. І замыкаюць дзясятку жывёлаводы МТФ «Жацерава № 5» аднайменнага таварыства (брыгадзір – Міхаіл Якавенка) з вынікам 9415 кілаграмаў.

Надзея БАТАЛКА

Рекомендуем