Меню

Смак радзімы на кожнай талерцы. У сталовай філіяла Мінскага маторнага завода ў Стоўбцах адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы не словамі, а смакамі

Культура

Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы — дня, калі мы ўспамінаем пра свае карані, пра тое, што робіць нас беларусамі, у сталовай філіяла ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы правялі цікавы дзень. Сустрэлі яго незвычайна: замест доўгіх прамоў — традыцыйныя беларускія стравы, замест сур’ёзных лекцый — цёплая атмасфера і сапраўдны нацыянальны смак.

Ад стала — да душы

Мы вырашылі зрабіць сюрпрыз для наведвальнікаў, — расказвае загадчыца сталовай Лілія Бобрык. — Не абвяшчалі наперад, каб кожны, хто зойдзе, адчуў свята не вачыма, а сэрцам. Бо родная мова — гэта не толькі словы. Гэта і песні, і звычаі, і стравы, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне.

Меню дня стала сапраўдным гімнам беларускай кухні: салаты “Папараць-кветка”, “Світанак”, мачанка з блінамі, зацірка, шакаладныя бліны з фруктовай начынкай, сочнікі…

Але сапраўднай прыкметай свята стала не толькі ежа. Сталовую ўпрыгожылі фотазоны, выстаўкі кніг беларускіх пісьменнікаў.

А калектыў апрануўся ў нацыянальныя касцюмы.  

Без слоў усё зразумела

Рэакцыя наведвальнікаў перавысіла ўсе чаканні.

Казімір Шуцько працуе на заводзе і кожны дзень прыходзіць на абед у сталовую.

— Сёння ўсё інакш, — падзяліўся ён. — Не проста абед, а свята. Усё смачна, прыгожа. І нават калі не скажуць, што гэта да Дня роднай мовы, сам усё разумееш. Бо ўсё відаць: і ўпрыгожванне, і стравы… Гэта ж наша! Такія дні трэба рабіць часцей!

Ад беларускай — да грузінскай

Лілія Георгіеўна адзначыла: такія мерапрыемствы ў сталовай праводзяцца адзін раз на месяц — «каб жыццё не было шэрым». У наступны раз, ужо ў сакавіку, наведвальнікаў чакае дзень грузінскай кухні. Але беларуская традыцыя застанецца асновай:

— Мы паважаем усе культуры, але сваю  любім найбольш.

Рекомендуем